Латвія абяцае падтрымаць Літву ў вырашэнні пытання бяспекі беларускай АЭС
Краіны Балтыі выказваюць усё большую заклапочанасць недахопам інфармацыі пра будаўніцтва Астравецкай АЭС і спрабуюць націснуць на ўлады Беларусі. Прэм’ер Латвіі Марыс Кучынскіс абяцае падтрымаць Літву ў вырашэнні пытання бяспекі Астравецкай АЭС. Пра гэта ён заявіў пасля сустрэчы з літоўскім прэм’ерам Альгірдасам Буткявічусам у Вільні.
“У час сустрэчы з літоўскім прэм’ерам я паабяцаў, што Латвія ва ўсіх фарматах, дзе будзе закранацца гэтае пытанне, выкажа сваю падтрымку Літве”, — цытуе словы Кучынскіса літоўскі партал DELFI.
У адказ на пытанне аб тым, ці будзе Латвія купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС, прэм’ер адзначыў:
“Мы гаворым аб інтэграваным рынку ўсяго Еўрасаюза — гэта агульная справа Еўропы і балтыйскіх краінаў. І Латвія ніколі такога жадання не дэманстравала, імаверна, і не будзе выступаць з пазіцыяй, адрознай ад балтыйскіх краін або ЕС”.
Але ён таксама дадаў, што Рыга не атрымлівала ад Вільні афіцыйнай прапановы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Астравецкай АЭС у балтыйскія краіны.
У снежні мінулага года міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс заклікаў міністраў Латвіі, Эстоніі і Польшчы не купляць электраэнергію з атамных станцый, якія будуюцца ў Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.
А вось Фінляндыя, паводле слоў літоўскага міністра, не падтрымлівае гэтую ідэю.
У канцы лютага прэзідэнт Літвы Даля Грыбаускайтэ рабіла заяву з гэтай нагоды:
“Усе мы памятаем Чарнобыльскую трагедыю. Небяспечныя АЭС, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам бяспекі, — пагроза ўсім жыхарам Еўропы. Таму агульнымі намаганнямі ЕС і ўсёй міжнароднай супольнасці мы павінныя запатрабаваць, каб Астравецкая АЭС адпавядала самым жорсткім міжнародным стандартам бяспекі, каб была праведзеная незалежная і празрыстая ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе, праведзеныя ацэнкі рызыкі і бяспекі”, — цытуе прэзідэнта DELFI.
Яшчэ ў лютым еўракамісар па энергетыцы Мараш Шэфчавіч сказаў, што пры будаўніцтве атамнай станцыі ў Астраўцы мусяць быць праведзеныя стрэс-тэсты, якія павінныя паказаць узровень яе бяспекі.
Нагадаем, што пэўны час таму Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспа (паводле якой абмеркаванне небяспечных праектаў мусіць праводзіцца і ў суседніх краінах) абвясціў, што праект беларускай АЭС не адпавядае патрабаванням канвенцыі. Сама Літва не раз крытыкавала Беларусь за адсутнасць дастатковай інфармацыі пра праект.