"Лістапад": на нацыянальны конкурс не пададзена ніводнага фільма пра вайну
4 лістапада ў Мінску стартуе ХХІІІ міжнародны кінафестываль "Лістапад". Наколькі форум выканае задумы ва ўмовах "складанага года", як адбіраюцца фільмы на нацыянальны конкурс, пра што цяпер здымаюць маладыя айчынныя рэжысёры і як развіваць беларускі кінарынак, у студыі Еўрарадыё разважаюць дырэктар праграм ігравога кіно "Лістапада" Ігар Сукманаў і рэжысёр Андрэй Курэйчык.
Цікавыя цытаты Ігара Сукманава:
"Лістапад" ніколі не ставіў мэту параўнацца з Канамі, Венецыяй. Гэта абсалютна іншая вагавая катэгорыя і абсалютна іншая гісторыя, якая не мае дачынення да паняцця міжнароднага кінафестывалю.
Каб прыцягнуць спонсараў, трэба мець прыцягальны сегмент кіно. Яго, на жаль, на сённяшні дзень у нас няма.
Наша задача, каб на нашай тэрыторыі да кіно было больш сур'ёзнае і прафесійнае стаўленне.
Ад фестывалю чакаюць прыезду вельмі вялікай зоркі. Ну, вядома, гэта добра. Але, чым траціць грошы на гэтае пер'е і лоск, лепш патраціць іх на моцных і важных прафесіяналаў, ад якіх залежыць кінематаграфічны працэс. Гэта тыя ценявыя кардыналы.
Сёлета на нацыянальны конкурс не пададзена ніводнага фільма пра вайну.
Беларускія рэжысёры сталі гаварыць пра саміх сябе, пра той свет, у якім мы жывем, як мы яго адчуваем і ўспрымаем. Па гэтых карцінах мы маем магчымасць разумець, чым жыве цяперашні беларус, сярэдні ўзрост якога 20-30 гадоў.
Ніякіх рэкамендацый наконт таго, як трэба здымаць фільм, каб ён патрапіў у нацыянальны конкурс "Лістапада", я даваць не буду. Рэжысёры мусяць быць вольнымі, мусяць быць асобамі і яны мусяць адстойваць свае пазіцыі праз мастацтва і свае творы.
Цікавыя цытаты Андрэя Курэйчыка:
Мая мэта — здымаць хаця б адзін паўнаметражны, цалкам беларускі фільм у год і пракатваць яго ў кінатэатрах.
Я не магу быць, як Галівуд, з бюджэтам у тысячу разоў меншым, чым у Галівуда. Я не магу быць нават расійскай кінаіндустрыяй, бо ў іх зоркі, якія ўвесь час у тэлевізары, а ў мяне гэтых зорак няма.
Я разумею, калі фільму прысвойваюць ўзроставы цэнз “18+”. Але калі адбываецца поўная забарона фільма на нейкай тэрыторыі, у свеце, дзе ёсць інтэрнэт, усе разумеюць, што гэта проста варварскі акт. Гэта не мае сэнсу.
Гісторыя з забаронай “Хранатопа” падагрэла да яго інтарэс. Цяпер яго паглядзіць яшчэ больш людзей. І дзякуй за гэта міністэрству культуры: яно ўмее рэкламаваць, мы ведаем.
Калі беларускае кіно будзе ў кінатэатрах, я скажу, што ўсё ідзе ў правільным накірунку.
Фестывалі — гэта фуршэт: ёсць дарагія фуршэты, танныя фуршэты, а ясі ты кожны дзень.
Для мяне самы каштоўны паказчык, калі беларускі глядач пайшоў на беларускае кіно не ў межах нейкай падзеі, а проста прыйшоў у кінатэатр і купіў на яго квіток. Усё.