Litesound: Не думаем, што асноўную ролю граў той, на каго ўсё павесілі

Еўрарадыё: Чаму толькі праз год вы вырашылі накіраваць адкрыты ліст генпракурору Аляксандру Канюку з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па выніках леташняга “Еўрафэста”?

Уладзімір Каракін: Увесь гэты час мы чакалі нейкіх крокаў у гэтай справе, нейкіх навінаў і нейкіх вынікаў. Але за ўвесь гэты час нічога не было прадпрынятае. І мы хочам усю гэтую справу “падняць”.

Еўрарадыё: У мінулым годзе вы свайго дамагліся, паездку на “Еўрабачанне” свайго гурта адстаялі. Выступілі, засвяціліся... Навошта вам зараз ізноў варушыць тую справу?

Уладзімір Каракін: Мне падаецца, што тут — пытанне справядлівасці. Уявіце сабе: нейкі злодзей скраў кашалёк. Пацярпеламу праз некаторы час яго ўласнасць вярнулі, але крымінальнай справы па здарэнні няма. Але ж гэта ўсё адно злачынства! За яго павінны пакараць з усёй строгасцю. Але ў выпадку з “Еўрафэстам” нічога такога зроблена не было, хоць размовы пра гэта і былі.

Еўрарадыё: А можа, пра Litesound проста пачалі забывацца, і вы такім чынам вырашылі нагадаць пра сябе?

Уладзімір Каракін: Канешне, мы маглі проста падаць заяву і не рабіць гэта ў выглядзе адкрытага ліста, але нам падалося, што гэта справа павінна быць галоснай, што людзям будзе цікава пра гэта ведаць. Тое, што людзі будуць пра гэта ведаць, стане гарантыяй таго, што гэтая справа не ляжа на паліцу ў чарговы раз.
 
Еўрарадыё: Ці раіліся вы з юрыстам — як афармляць адкрыты ліст, што ў ім пісаць?

Уладзімір Каракін: Усё, што мы робім, мы робім самі. Пачынаючы напісаннем музыкі і словаў і заканчваючы здымкамі кліпаў і судовымі справамі. Усё гэта робіцца ўнутры нашай сям’і, пераважна мной і Дзімам.

Еўрарадыё: Скандал з падлікам галасоў на “Еўрафэсце” разглядаўся на самым высокім узроўні. Напэўна, і рашэнне не распачынаць крымінальную справу па гэтым факце прымалася там жа. Не баіцеся ісці супраць меркавання гэтых самых “вярхоў”?

Уладзімір Каракін: Мы пра гэта асабліва не думалі. Хаця б таму, што, на мой погляд, гэта справа не мае такога ўжо важнага значэння для першых асобаў дзяржавы. Хутчэй за ўсё, гэтая справа проста выпала з-пад увагі, пра яе забыліся. І не з ініцыятывы ўраду, а праз асобных высокапастаўленых чыноўнікаў, якія ў гэтай справе былі замяшаныя. Мы ж падаём заяву, каб у гэтай справе ўсё ж разабраліся. І нам здаецца, што тыя людзі, якія будуць у ёй разбірацца, дакапаюцца да праўды. Бо хаця мы і не можам з дакладнасцю сказаць, што тады адбылося, але хочам, каб справядлівасць была адноўленая.

Еўрарадыё: Пасля “Еўрабачання” вы расказвалі, што вас пачалі “заціскаць”, адмяняць канцэрты. Паўтору той сітуацыі не баіцеся?

Уладзімір Каракін: А з таго часу мала што змянілася! Сітуацыя фактычнай забароны ў краіне засталася да гэтага часу. І таму неяк уздзейнічаць на нас такімі метадамі ўжо не атрымаецца. Сэнсу апісваць тое, што ў гэтым накірунку з намі адбываецца, няма: скажуць, што я скарджуся, што нас “заціскаюць”. Я не скарджуся, проста фактаў адмены розных мерапрыемстваў дастаткова. Як і адсутнасць Litesound ва ўсіх вядучых СМІ. Да прыкладу, ад самага “Еўрабачання” я не ўваходзіў у будынак Белдзяржтэлерадыёкампаніі. А адна з дзяржаўных газет адмяніла ў апошні момант інтэрв’ю з нашай маці. Потым журналіст сказала ў прыватнай размове, што нас нельга ўзгадваць у прэсе. Нават такім ускосным чынам. Таму, калі мы кажам сёння, што не было прадпрынята ніякіх крокаў па гэтай справе, то маецца на ўвазе, што чакалі і нейкіх зменаў у адносінах да нас. Але мы так і засталіся на забароненым узроўні. Мы думаем, што тут не абышлося без дапамогі людзей, якія адказныя за злачынства, здзейсненае год таму. І, можа, наша заява і распачатая справа неяк іх спыніць.

Еўрарадыё: Вы думаеце, следства ўсё ж выйдзе на гэтых людзей?

Уладзімір Каракін: Усё павесілі на аднаго чалавека, але, хутчэй, усё не так проста. Да справы мае дачыненне значна большая колькасць людзей, і я не думаю, што асноўную ролю там іграла тая фігура, на якую ўсё павесілі.


Еўрарадыё: Вы верыце ў правасуддзе?

Уладзімір Каракін: Нам нават цікава. Паглядзім, ці варта верыць у наша правасуддзе. Паглядзім, як у нашай краіне працуе ўся гэтая сістэма. Мне падаецца, што ўсё павінна спрацаваць. А калі не, то можна будзе рабіць нейкія высновы пра ўсю сістэму правасуддзя. Ад генпракурора мы чакаем станоўчага адказу — што справа будзе распачатая і што працэс пойдзе далей. Але не выключаем і адваротнага.

Фота: musecube.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі