Літоўскі дыпламат прызнаў эфектыўнымі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
У Вільні адбылася дыскусія студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і дыпламатаў краін Еўрапейскага саюза.
Намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас у сваім выступе адзначыў, што абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў Беларусі — гэта заклік прыняць істотныя меры для паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека, перадае БелаПАН.
На яго думку, абмежавальныя меры супраць беларускіх чыноўнікаў з'яўляюцца эфектыўнымі, бо не дазваляюць беларускім уладам ігнараваць патрабаванні ЕС па вызваленні і рэабілітацыі палітвязняў, паляпшэнні правоў чалавека і дэмакратычнай сітуацыі ў краіне.
Нагадаем, што Еўрасаюз увёў у дачыненні да Беларусі эмбарга на пастаўку зброі. Акрамя таго, замарожаныя сродкі і эканамічныя рэсурсы 30 беларускіх прадпрыемстваў і 242 фізічных асоб, якім таксама забаронены ўезд на тэрыторыю дзяржаў — чальцоў ЕС. Абмежавальныя меры Еўрасаюза супраць прадстаўнікоў Беларусі былі абноўленыя на пачатку 2011 года.