Літоўскія мытнікі затрымалі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі на 3,6 млн еўра
Літоўскія мытнікі 23-24 ліпеня затрымалі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі на 3,6 млн еўра. Як паведамляе lrmuitine.lt, яны былі схаваныя ў двух грузавіках, якія па дакументах везлі пярлоўку і брыкеты з пілавання.
Адзін з грузавікоў вёз брыкеты нейкай літоўскай кампаніі. Ім кіраваў беларус. Падчас праверкі высветлілася, што заяўлены груз быў толькі ў канцы паўпрычэпу, іншая прастора была застаўлена скрынямі з цыгарэтамі Fest (больш за 640 тысяч пачкаў). Іх кошт ацанілі на 2,24 млн еўра.
Іншым грузавіком кіраваў грамадзянін Расіі. Ён вёз груз пярлоўкі ў Калінінградскую вобласць РФ. Было знойдзена 400 тысяч пачкаў цыгарэт NZ Gold, Fest і Minsk Capital на агульную суму каля 1,4 млн еўра.
Кіроўцы арыштаваныя, праводзяцца расследаванні.
Тыдзень таму літоўскія мытнікі заявілі, што сёлета спынілі кантрабанду цыгарэт на 31,8 млн еўра. Толькі ў гэтым месяцы яны затрымалі некалькі партый кантрабанды на мільёны еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.