Літоўскія настаўнікі страйкуюць супраць 600 $. Беларускія — працуюць зa 300

У Літве настаўнікі другі дзень ладзяць страйк: яны прыходзяць у школу, але не працуюць на працягу 2 гадзін. Галоўнае іх патрабаванне: павышэнне заработнай платы.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы Германтас горада Цяльшэй Ніна Вальконене скардзіцца Еўрарадыё, што жыць на заробак у 430 еўра немагчыма. Пры тым, што яна старэйшы настаўнік, працуе ў школе 26 гадоў, мае паўтары стаўкі, таму і страйкуе.

Ніна Вальконене: Я зарабляю ўсяго 430 еўра. Сёння страйкуе наша школа і яшчэ некалькі з Цяльшайскага раёна, заўтра далучыцца Клайпеда і іншыя гарады. На працягу тыдня гэту акцыю падтрымаюць калегі па ўсёй краіне і гэта будзе нагадваць своеасаблівую хвалю.

Беларускія настаўнікі зарабляюць у два разы менш: калі літоўцы страйкуюць за 430 еўра, то нашыя працуюць за 300 долараў.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце мінскай СШ №201 Ларыса Марфін расказала, колькі зарабляюць яе высокааплатныя калегі:

Ларыса Марфін: Вопытны настаўнік, які мае вышэйшую катэгорыю, класнае кіраўніцтва, 1,5 стаўкі, 25 гадоў стажу, можа разлічваць на 580-600 тысяч. Калі гэта зусім малады настаўнік, які толькі прыйшоў пасля ўніверсітэта, то ён зарабляе 300-350 тысяч.

У верасні літоўскі ўрад абяцаў настаўнікам павысіць заробак, але гэтага не адбылося. Таму яны патрабуюць павялічыць заробак спачатку на 20%, а пасля Новага года – на 30%. Ніна Вальконене гаворыць, што на вучнях такі пратэст моцна не адлюстроўваецца.

Ніна Вальконене: У нас 2-гадзінны папераджальны страйк: мы не працуем з 8 гадзін раніцы і да 10. З вучнямі ніякіх праблем няма: учора мы вывесілі аб’явы, і кожны класны кіраўнік сказаў сваім вучням, каб яны прыходзілі на заняткі да 10 гадзінаў. Таксама папярэдзілі і бацькоў.

Настаўнік этыкі сярэдняй школы Аджалінас горада Цяльшэй Някрашус Антанас цалкам падтрымлівае сваю калегу: такія заробкі іх не задавальняюць. Асабліва неабароненымі яны лічаць маладых спецыялістаў: 235 еўра (менавіта столькі яны зарабляюць) Някрашус Антанас называе смешнай сумай.

Някрашус Антанас: Ну, хто зможа пражыць на такія грошы? Гэта ж немагчыма, каб малады настаўнік столькі зарабляў! Такая ж сітуацыя і з пенсіянерамі: настаўніца адпрацавала ў школе 40 гадоў, выйшла на адпачынак і зарабляе 700 літаў. Гэта можна назваць толькі бясчынствам. Канешне, зараз мы страйкуем ціха, але пасля будзем дзейнічаць рашуча.

Калі літоўскі малады спецыяліст не ведае, як пражыць на 235 еўра, то беларускія выжываюць і на 100-150 долараў.

Малады спецыяліст і настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Паставіцкай сярэдняй школы Старадарожскага раёна Юля Кастагрыз гаворыць, што калі атрымала свой першы заробак (гэта 138 тысяч) за няпоўны месяц, доўга не магла прыйсці ў сябе. Зараз у яе заробак – 345 тысяч.

Юля Кастагрыз: Я адразу ж патэлефанавала ў бухгалтэрыю, дзе мне сказалі, што калі я буду працаваць толькі на адну стаўку (18 гадзін), то мой заробак складзе 240 тысяч. Мне ніхто не дапамагае, таму я ўзяла паўтары стаўкі, класнае кіраўніцтва і ўсё, што можна, і ў гэтым месяцы атрымала 345 тысяч. Дык я працую дзень і ноч, каб атрымаць гэтыя грошы. І яшчэ, я працую ў сельскай мясцовасці, але мне пакуль ні разу не заплацілі за гэта грошы, толькі абяцаюць.

Выходзіць, сёння самыя вопытныя беларускія настаўнікі атрымліваюць амаль столькі, колькі маладыя спецыялісты ў Літве.

Фота — newsru.co.il

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі