Літоўскія памежнікі развярнулі на мяжы з Беларуссю 93 нелегалаў
Участак літоўска-беларускай мяжы / AFP / Scanpix
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не прапусціла ў краіну з Беларусі 93 нелегальных мігрантаў за мінулыя суткі, паведамляе Delfi.lt. Пры гэтым памежнікі не выкарыстоўвалі службовую зброю, спецсродкі або фізічны прымус.
Кантроль мяжы на літоўскім баку вядзецца ва ўзмоцненым рэжыме, у апошнія дні сітуацыя ўскладнілася. Памежнікі Беларусі маюць інфармацыю пра працу сваіх літоўскіх калегаў і дзякуючы гэтаму ўскладняюць іх дзейнасць, заяўляюць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Колькасць мігрантаў у пэўныя перыяды часу павялічваецца то ў адным, то ў іншым месцы на літоўска-беларускай мяжы працягласцю 678 кіламетраў, і гэта не выпадковасць, мяркуе літоўскі бок. У сувязі з гэтым САДМЛ не ўдакладняе месца, дзе не былі прапушчаныя мігранты.
Як паведамляла Еўрарадыё, у панядзелак, 11 кастрычніка, з боку Беларусі ў Літву спрабаваў прайсці 121 мігрант. Гэта максімальная колькасць з канца жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.