Літва падазрае ў ваенных злачынствах некалькі дзясяткаў беларусаў

Генеральная пракуратура Літвы звярнулася ва ўчастковы суд Вільні з просьбай надаць статус падазраваных па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года 30 грамадзянам Расіі і Беларусі. У Генпракуратуры Еўрарадыё тлумачаць, што гэта далёка не ўсе асобы, якія будуць праходзіць па справе.

“Гэта яшчэ 30 асобаў, наконт якіх Генеральная пракуратура звярнулася ў суд. Таму што перад гэтым быў спіс з 20 асобаў. І яшчэ больш за 30 асобаў існуе, наконт якіх Генпракуратура збіраецца звяртацца ў бліжэйшы час”.

Як даведалася Еўрарадыё, агулам Генпракуратура Літвы будзе прасіць надаць статус падазраваных 81 чалавеку. Першая 20 яго ўжо атрымалі. На сёння ўсе гэтыя людзі жывуць у Расіі і Беларусі і з’яўляюцца грамадзянамі гэтых краін.

Паводле Генпракуратуры Літвы, гэтыя людзі праходзяць па справе аб злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах. 13 студзеня 1991 года адбылася абарона літоўскага парламента ад штурму савецкімі войскамі. У той жа дзень савецкія вайскоўцы штурмам захапілі віленскі тэлецэнтр. У тых падзеях загінула 14 мірных грамадзян.

Усе тыя, кім зараз займаецца Генеральная пракуратура Літвы, у 1991 годзе займалі розныя кіраўнічыя пасады — былі кіраўнікамі Кампартыі, Міністэрства абароны, унутраных спраў, КДБ. Сярод іх таксама ёсць афіцэры, якія ўдзельнічалі ў захопе Дома друку, тэлевежы, будынкаў Літоўскага радыё і тэлебачання.

Генеральная пракуратура Літвы пакуль не раскрывае імёны і прозвішчы фігурантаў справы. У ведамстве гавораць, што гэта будзе магчыма пасля таго, як у суд Вільні будуць пададзеныя дакументы адносна ўсіх асобаў:

“Пакуль яшчэ не наконт ўсіх асобаў быў зварот у суд, таму спіс прозвішчаў не раскрываецца”.

А вось што будзе з разглядам справы далей — пакуль дакладна не вядома. У Міністэрстве юстыцыі Літоўскай Рэспублікі Еўрарадыё паведамілі, што можна чакаць запыту аб выдачы, накіраванага афіцыйнаму Мінску. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі віленскі суд прызнае вінаватымі усіх падазраваных. Праўда, у літоўскім Мінюсце на супрацоўніцтва з Беларуссю глядзяць скептычна. “Мінск выдае сваіх грамадзян вельмі і вельмі рэдка”, гаворыць супрацоўнік Мінюста Літвы.

Літва не ўпершыню праяўляе цікавасць да грамадзян Беларусі, якія звязаныя з крывавымі падзеямі студзеня 1991 года. Яшчэ ў 1992 годзе Генпракуратура Літвы высунула Беларусі патрабаванні аб выдачы генерала Усхопчыка — былога камандзіра Віленскага гарнізона. Ніякіх вынікаў гэтая справа не мела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі