Літву пакідае Валерый Кавалеўскі — намеснік Ціханоўскай па міжнародных справах
Валерый Кавалеўскі
Валерый Кавалеўскі, намеснік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах, пакідае Літву і пераязджае ў Варшаву.
Гэта адбываецца на фоне таго, што афіцыйная Вільня ўсё больш строга ставіцца да беларускіх мігрантаў. Новыя дазволы на жыхарства не выдаюць, а старыя не працягваюць многім з тых, хто калісьці служыў у Беларусі ў сілавых ці дзяржаўных органах.
Дарэчы, Кавалеўскі працяглы час працаваў ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, а ва ўніверсітэце скончыў ваенную кафедру і тэхнічна з'яўляецца афіцэрам запасу.
У каментары "Нашай Ніве" намеснік Ціханоўскай прызнаецца, што нюансы з дазволам на жыхарства ў Літве сапраўды ёсць, але цяперашні пераезд — гэта супадзенне.
"Мой пераезд у Варшаву не звязаны з дакументамі, хоць гэта і супала са сканчэннем тэрміну дзеяння літоўскага ДНЖ. Прайшло тры гады працы ў Вільні — гэта звычайны тэрмін для дыпламата ў адной сталіцы. У Варшаве знаходзіцца большая частка прадстаўнікоў кабінета, знаходжанне ў адным горадзе паспрыяе эфектыўнасці супольнай працы. Мяняецца горад, але пры гэтым мае абавязкі застаюцца нязменнымі", — каментуе Кавалеўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.