Love Story, працяг: Кандыдаты ў дэпутаты Нагорная і Ціханаў пажаніліся (фота)
Кандыдаты ў дэпутаты і актывісты "Руху за Свабоду" Аліна Нагорная і Максім Ціханаў пажаніліся. Гэта адбылося 9 верасня ў Гарадскім доме шлюбу ў Мінску. Увечары маладыя будуць гуляць вяселле ў кавярні "Аўстэрыя Уршуля" у Купалаўскім тэатры. Па словах Аліны, павіншаваць сям'ю прыйдзе больш за 50 чалавек, выступіць гурт "Чарнавар", будзе музычны джэм з іншымі сябрамі-музыкамі і дыскатэка.
"Мы чакаем, пакуль я здам курсавую. Пасля гэтага мы паедзем у Іспанію адпачыць ад выбараў, і ўвогуле адпачыць", — кажа Аліна.
Love story: кандыдаты пазнаёміліся на выбарах і пажэняцца перад днём галасавання
Аліна — кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе №67, Максім — па Вілейскай выбарчай акрузе №74. Праўда, Аліна сумняваецца, што для некага з іх удзел у выбарах скончыцца "дэпутатскім крэслам":
"Гэта немагчыма, калі глядзець з пункту гледжання рэалізму, але калі гэта здарыцца, гэта будзе вельмі файна і мы будзем дапамагаць адзін аднаму".
У бліжэйшы час пара (Аліна жыве ў Слуцку, Максім — у Вілейцы) збіраецца пераехаць бліжэй да Мінска.