Лукашэнка стаў прадзедам
Вяселле Вікторыі Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка стаў прадзедам. Афіцыйных паведамленняў пра гэта не было, але гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".
Паводле іх, прадзедам Лукашэнку зрабіла яго старэйшая ўнучка — Вікторыя, старэйшая дачка Віктара Лукашэнкі.
Працоўны шлях Вікторыя Лукашэнка пачала ў кампаніі "Арт Хаос". Там абавязкі дырэктаркі галерэі з 2017 года і па сёння выконвае яе маці — Лілія Лукашэнка. Сама кампанія звязана з братамі Карычамі.
Пераддыпломную практыку ў 2020 годзе Вікторыя праходзіла ў кампаніі "Рух спорт менеджмент". Гэтая фірма належала Аляксандру Зайцаву — аднаму з "кашалькоў" Лукашэнкі. Па сумяшчальніцтве Зайцаў яшчэ і экс-памочнік бацькі Вікторыі.
Пасля заканчэння ВНУ дзяўчына пачала працаваць у клініцы "Цэнтр спартыўнай рэабілітацыі НЕО". Гэтая кампанія належыць яшчэ аднаму "кашальку Лукашэнкі" — Аляксею Алексіну.
У 2022 годзе Вікторыя (ужо на той момант не Лукашэнка, а Дзятлава) аформіла адпачынак па цяжарнасці і родах. А ў ліпені таго ж года афіцыйна пайшла ў дэкрэтны адпачынак, дзе і правяла ўвесь 2023 год. А ўжо ў лютым 2024-га дзяўчына стала другім сакратаром у Міністэрстве замежных спраў. Пры гэтым яна працуе галоўным спецыялістам аддзела маркетынгу ўсё ў тым жа "Цэнтры спартыўнай рэабілітацыі НЕО".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.