Лукашэнка: “Ад мяне літасці не чакайце, ніхто”

Лукашэнка: “Ад мяне літасці не чакайце, ніхто”

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў адстаўкі міністраў спорту і турызму ды лясной гаспадаркі, а таксама карупцыйныя справы. 16 лютага ён сустракаўся з працоўным калектывам Слуцкага цукрарафінаднага камбінату і нагадаў, што ад пачатку свайго знаходжання каля ўлады змагаецца супраць карупцыі. А летась папярэдзіў усіх міністраў: калі на іх прадпрыемствах выявяць карупцыю, ім давядзецца пакінуць свой партфель, сказаў Лукашэнка.

Як інфармавала Еўрарадыё, у пятніцу з’явілася афіцыйнае пацверджанне затрымання дырэктара мінскага Палаца спорту Сяргея Прановіча. Па дадзеных КДБ, ён браў хабар у памеры да 100 да 1200 долараў за арэнду плошчаў для продажу тавараў. Аляксандр Лукашэнка згадаў пра гэтую крымінальную гісторыю: ”Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся”. Па словах Лукашэнкі, пасля гэтага выпадку за дырэктарам пачалі сачыць. Атрымліваецца, што прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы паскардзіліся праваахоўнікам. У выніку, сталі вядомыя шматлікія выпадкі хабарніцтва і адбылося затрыманне. “Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў”, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Згадаў кіраўнік дзяржавы і пра затрыманне групы службовых асоб сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі, якія ўдзельнічалі ў злачыннай схеме адпраўкі за мяжу высакаякасных піламатэрыялаў пад выглядам нізкагатункавай сыравіны. “Працавалі цэлы год па ўсёй краіне, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Які гэта міністр? Што я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў ці там быў павязаны з імі”.

Лукашэнка перадаў чыноўнікам папярэджанне: “Ад мяне літасці не чакайце, ніхто. Не таму, што я крыважэрны, а таму што карупцыя губіць усё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі