Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта
Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта. Генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў займаў гэтую пасаду з лістапада 2013 года. Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы, Мальцаў звольнены з вайсковай службы ў адстаўку па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы і знакаў адрознення. Адпаведны ўказ падпісаны 27 снежня.
Леаніду Мальцаву 67 гадоў. Ён — ураджэнец Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Быў двойчы міністрам абароны Беларусі (у 1995-1996 і 2001-2009 гадах), у лістападзе 2012-га выконваў абавязкі старшыні КДБ, у 2009-2013 гадах быў дзяржсакратаром Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь.
У ліпені 2016-га Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі раптоўнай праверкі дзейнасці памежных органаў, заявіў, што ён незадаволены станам асобных накірункаў.