Лукашэнка: Беларусь і Расія практычна вырашылі газавае пытанне
Беларусь і Расія практычна дамовіліся па газавым пытанні. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка падчас галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў на выбарчым участку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
Паводле Лукашэнкі, учора скончыліся чарговыя перамовы на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. “Практычна дамовіліся, стварылі нейкі дакумент. Мы яго за ноч прывялі ў той выгляд, як мы яго бачым. Расійскі бок, відаць, прапануе нейкія свае варыянты. І сёння гэтыя два дакументы знаходзяцца ва ўрадзе Расійскай Федэрацыі. Яны разгледзяць іх і ўнясуць прапановы. Думаю, у бліжэйшы час мы вырашым гэтае пытанне”, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Кіраўнік краіны мяркуе, што расіяне “вельмі сур’ёзна прасунуліся ў гэтым сэнсе і тым самым прызналі, што беларусы мелі рацыю. “Ведаеце, нам мець рацыю і выстаўляць нейкія прэтэнзіі да Расіі было б смешна. Мы ў абсалютным здароўі, і калі мы нечага патрабуем, значыць, у нас ёсць жалезабетонная пазіцыя”, — адзначыў Лукашэнка.