Лукашэнка: Будзем дзейнічаць паводле еўрапейскіх стандартаў

Сёння на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаннях Аляксандр Лукашэнка назваў "змовай" падзеі 19 снежня і зрабіў з гэтай нагоды шэраг заяваў. "У сувязі з тым, што ад нас патрабуюць, я хачу сказаць, што мы не крыважэрныя. І лёс тых, за якіх сёння заўзята змагаюцца ў Еўрапейскім Саюзе, выключна ў іх руках", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

"Тут ні пры чым ні сілавыя структуры, ні прэзідэнт. Толькі ў іх руках. Хочуць быць у следчым ізалятары — хай там сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем'ямі — гэта таксама ад іх залежыць. Гэта не праблема. Яна вырашаецца сёння следчымі органамі".

Аднак, паводле словаў кіраўніка дзяржавы, не толькі ў следчых органаў, але і ў краіны ўвогуле ёсць шэраг пытанняў да апазіцыі, на якія ўсе чакаюць ад іх адказаў. "І сядзець, як мышы пад венікам, у следчым ізалятары і думаць, што заўтра амерыканцы або еўрапейцы прыйдуць і вызваляць іх, бесперспектыўна".

"Хачу абсалютна цвёрда запэўніць еўрапейцаў, што тут мы будзем дзейнічаць выключна паводле еўрапейскіх стандартаў. Вось як у Еўропе прынята, мы так і будзем дзейнічаць", — сказаў Лукашэнка.

"Іншага не дадзена. Калі мы пастаянна будзем, каб дагадзіць палітыцы, ламаць законы і Канстытуцыю, мы зламаем у бліжэйшай будучыні краіну. Пра гэта кажа досвед шмат якіх краінаў", — заключыў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі