Лукашэнка даручыў КДБ “жорстка працаваць” з ценявой эканомікай
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў аўторак прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі краіны Валерыя Вакульчыка, інфармуе Interfax.by са спасылкай на прэзідэнцкую прэс-службу.
Паводле афіцыйнага паведамлення, Лукашэнка паставіў задачу арганізаваць жорсткую працу, скіраваную на выяўленне і спыненне дзейнасці ў сферы ценявой эканомікі, у тым ліку спрычыненых да гэтага службовых асобаў. Канстатавалася, што ўдзельнікі “шэрых” схемаў выводзяць з абароту сродкі, не плацяць падаткі і атрымліваюць вялізарны прыбытак.
Старшыня КДБ далажыў, што такая праца пачалася. Учора, 19 кастрычніка ў Брэсце затрымана 13 асобаў з ліку арганізатараў такой дзейнасці — заснавальнікаў і кіраўнікоў кампаніі “Консул”. Гэтая кампанія з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў прадукцыі для аграпрамысловага комплекса. Арганізатара злачыннай схемы выкарыстоўвалі болей за 40 падкантрольных фірмаў і выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад уплаты падаткаў і прадавалі канчатковаму спажыўцу сваю прадукцыю, завышаючы кошт да трох разоў.
Спецслужбы правялі на тэрыторыі Беларусі 48 вобшукаў, знайшлі і канфіскавалі 36 пячацяў замежных кампаній, праз рахункі якіх ішло кіраванне ценявымі патокамі. Арыштавана маёмасці болей як на 2 мільёны долараў. Апроч таго, арышты накладзеныя на 106 аб’ектаў нерухомасці, болей як 100 легкавых і грузавых аўтамабіляў.
Фота: БЕЛТА