Лукашэнка — Еўрарадыё: Адправіце на пенсію — пайду, а што рабіць!
Кіраўнік Беларусі расказвае пра стаўленне да прарасійскага кандыдата і магчымы ўдзел у выбарах, пра сваю пенсію і стаўленне да Еўрарадыё.
Зміцер Лукашук: Добры дзень! Зміцер Лукашук, Еўрапейскае радыё для Беларусі. Аляксандр Рыгоравіч выказаў нейкае незадавальненне тым, што ў нас адкрыты дыялог, але ўсе ператвараюць яго ў прэс-канферэнцыю, не дыскутуюць і не выказваюць свае меркаванні. Таму я, можа быць, спачатку выкажу сваё меркаванне на тэму, якая сёння вельмі шмат абмяркоўвалася. Вы шмат казалі пра брацкі народ Расіі, пра тое, што ў нас вельмі цёплыя адносіны… Хто мог падумаць яшчэ год таму, што паміж брацкімі народамі Расіі і Украіны ўзнікне такі канфлікт, які мы назіраем сёння. Калі хто скажа, што Расія тут ні пры чым, то, думаю, нашы беларускія спецслужбы, разведка дакладаюць вам, хто насамрэч пастаўляе туды тэхніку і г.д. Я гэта да чаго: вы казалі, што перакананыя, што ў нас такі сцэнар не паўторыцца. А вось я на 100% не ўпэўнены! Пачытаеш асобныя расійскія рэсурсы, не буду іх называць, каб не прапагандаваць, — беларусаў там называюць не інакш як вышыванцамі. Ствараецца адчуванне, што з Лукашэнкі хутка зробяць беларускага Бандэру, ужо ўсе рускія школы ў нас пазакрывалі, і мы хутка пачнём есці расійскіх снегіроў. Ствараецца адчуванне, што хочуць адправіць на палітычную пенсію, можа, з дапамогай якога расійскага ці прарасійскага кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах…
Аляксандр Лукашэнка: Каго адправіць?
Зміцер Лукашук: Кіраўніка Беларусі, як гэта ні дзіўна…
Аляксандр Лукашэнка: Мяне адправіць?! А!
Зміцер Лукашук: Дзіўныя людзі! Я таксама з вамі згодны! (смяюцца)
Аляксандр Лукашэнка: Дзякуй, Зміцер!
Зміцер Лукашук: Пытанне, наколькі вы ўсё ж асцерагаецеся такога расійскага кандыдата. І, калі ўжо ўзнікла такое пытанне, то вы шмат разоў казалі, што будзеце балатавацца столькі разоў, колькі вас папросіць беларускі народ. Падтрымка, безумоўна, ёсць, ніхто гэтага не аспрэчвае. Але калі беларускі народ будзе прасіць і ў 2025, і ў 2050 годзе, то будзеце? Ці ёсць усё ж нейкае абмежаванне, якое вы для сябе паставілі, маўляў, народ просіць, але ўжо скажу, што дастаткова?
Аляксандр Лукашэнка: Гарантую, Зміцер, што ў 2050-м годзе не папросіць.
Зміцер Лукашук: А чаму не?!
Аляксандр Лукашэнка: Я вам гарантую не папросіць. Не перажывайце наконт гэтага. Я вам удзячны за гэтае пытанне. Але давайце паспрабуем вызначыцца чарговы раз і закрыць гэтую тэму хоць бы да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Чаму? Я патлумачу. Я пачну з выбараў і майго ўласнага ўспрыняцця працэсу прэзідэнцкіх выбараў увогуле, а потым перайду да расійскіх разважанняў, пра якія вы казалі. Калі я забудуся, то нагадайце.
Што датычыцца адправіць мяне на пенсію.
Я вельмі жорстка пра гэта сказаў у Крамлі. Нахіліць мяне немагчыма! Ясна, у чый адрас гэта было адрасавана. І гэта зразумелі тыя, каму гэта было адрасавана. Ніякі Крэмль, я сказаў, ніякая Масква, ніякі Захад не здольныя мяне нахіліць. Гэтага не будзе! Мяне можна павесіць, мяне можна забіць, мяне можна некуды там утапіць... але нахіліць і прымусіць скакаць пад чыюсьці дудку, змяніўшы мой палітычны курс, лічы мой твар, немагчыма! Не думаю, што вы са мной станеце спрачацца, таму што я за 20 гадоў гэта ўжо прадэманстраваў. Гэта не таму, што я цвердалобы і не ўспрымаю крытыкі, нейкіх заўваг і г.д. Вельмі нават ўспрымаю і прашу прабачэння, калі не мая праўда. Таму не трэба спрабаваць мяне нахіліць!
Што тычыцца пенсіі, то калі б вы, беларускі народ, адправілі мяне самі асабіста на пенсію на прэзідэнцкіх выбарах, то... вядома мне было б непрыемна, як любому чалавеку, прайграць кампанію. Мне было б непрыемна, але я б гэта не ўспрыняў так, як 10-15 гадоў таму. Можа, я б і пакрыўдзіўся на тыдзень, але я сябе ўжо пераканаў, што калі народ так вырашыў, то гэта рашэнне народа. Але калі нешта здарыцца з краінай, дык выбачайце! Вы выбралі гэты шлях, вы вызначыліся, выбралі гэтага чалавека. З мяне ўжо нічога не возьмеш. Я як чалавек цяпер разважаю. Можа, я і не павінен так гаварыць, але я так адчуваю.
Па-другое, вы ведаеце, нічога новага ў прэзідэнцтве, у гэтым прэзідэнцкім жыцці ў мяне ўжо не будзе. За 20 гадоў я ўжо ўсё зразумеў, я ўжо ўсё памацаў, я не скажу, што мне гэта не цікава, прэзідэнцкая праца кожны дзень — нешта новае і цікавае. Але ўжо не настолькі, як гэта было раней. Таму як чалавек, я не думаю, што сёння, будучы прэзідэнтам, я развіваюся гэтак жа, як 10 гадоў таму, калі я як губка вымушаны быў практычна ўсе ўбіраць і дзейнічаць. Сёння мне трохі ў гэтым плане лягчэй.
Ну і потым я часта чую з апазіцыйных СМІ: "20 гадоў, ну колькі можна?" Я таксама як чалавек думаю: слухай, сапраўды колькі можна?! Але сам з гэтага я не пайду і сысці не магу. Не маю права. Я ўжо тлумачыў, што калі абрынецца краіна, і я сышоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці і з мяне спытаюць. І яны маюць рацыю! Калі я да таго часу буду яшчэ жыць. І я вам шчыра кажу, што гэта так. Таму не думайце, што я, ухапіўшыся за гэтае крэсла, ужо занадта ў гэтым плане напружаны. Ды я палітык, я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі. У мяне ёсць нейкі багаж, мяне цяжка ў нечым выкрыць, зачапіць за нешта, за што чапляюць іншых... Нават непрыстойна вам было б мяне ў нечым крытыкаваць, вы ж цудоўна бачыце, як жывуць іншыя прэзідэнты.
Калі вы мяне крытыкуеце за гэтую рэзідэнцыю, дык Гасподзь з вамі! Зірніце на любое месца, тут укладзеная праца беларускіх спецыялістаў. Гэта быў нацыянальны праект. У нас жа ўсе творчыя людзі былі без працы (мастакі, дэкаратары і іншыя), ідзіце, рабіце, стварайце, пакажыце мне карцінку і дзейнічайце. Калі вы пройдзеце па гэтых залах, а нам патрэбны быў гэты будынак... Будзе час — калі-небудзь раскажу, чаму зрабіў, чаму да вызначанага часу і г.д. І я не дарма вам сказаў спачатку, вы, Дзмітрый, напэўна, не заўважылі, што гэта наш нацыянальны аплот, гэта нашае сэрца. Яно і павінна быць: наш сцяг, наша Плошча сцяга і Палац незалежнасці. І першым, хто тут пабываў, — кіраўнікі дзяржаў. Прыехаўшы сюды, дэ-факта яны прызналі незалежнасць нашай дзяржавы. Віншуючы мяне з гэтым тварэннем беларускіх людзей, рук, яны казалі, што гэта годна. Так, гэта каштавала пэўных сродкаў. А вы хацелі зрабіць нешта вялікае і бясплатна? У беларусаў гэта таксама часам бывае, але наўрад ці нешта атрымаецца, гэта не мой шлях. Таму адправіце на пенсію — пайду, а што рабіць!
Зміцер Лукашук: Можа, вы самі захочаце пайсці?
Аляксандр Лукашэнка: А! Калі сам захачу? У мяне пасада такая, што калі я чагосьці захачу, то мае хацелкі ніяк не прымаюцца. Я прэзідэнт краіны, і я менш раблю тое, што хачу, а больш тое, што вы хочаце. А па галоўных пытаннях і напрамках я раблю так, як вы хочаце. Хочаце прыклад? Я вам прывяду! Павышэнне пенсійнага ўзросту. Ёсць пэўныя крытэры, я вам пра гэта казаў асабіста. Як вы думаеце, нам трэба, Дзмітрый, павышаць пенсійны ўзрост?
Зміцер Лукашук: Мне пакуль пра гэта рана думаць, але людзі кажуць, што не хацелі б.
Аляксандр Лукашэнка: О! А трэба? Калі па законах, то ёсць норма: адзін пенсіянер на не менш чым двух працуючых. А ў нас паўтара працуючых на пенсіянера. Дык трэба ці не трэба? Трэба! Я казаў гэта людзям, але людзі, правільна вы кажаце, не хочуць. Ну, дык чаго ж я пайду насуперак?! І я зняў з парадку дня гэтае пытанне. Яго цяпер няма. Але гэтыя паўтара ўтрымліваюць пенсіянера. І вось колькі яны могуць зарабіць — 25 трыльёнаў рублёў — пенсіянеры дзяліце паміж сабой, калі не хочаце павышаць пенсійны ўзрост. Калі больш пенсіянераў і менш працуючых, то і пенсія будзе меншая. Дзе ўзяць яшчэ грошай для пенсіянераў? Забраць у іншых! Магу я гэта зрабіць? Не.
Гэта значыць, я адкрыта кажу, як гэта можна, але вы не хочаце! А не так, як я павінен рабіць, як эканаміст, атрымаўшы ад спецыялістаў разлікі. Таму я раблю значна менш за тое, што я хачу. Я раблю так, як вы хочаце, яшчэ і таму, што вам гэта з выбараў у выбары абяцаю. І я прытрымліваюся сваіх абяцанняў. У пераважнай большасці выпадкаў. Таму здымаць сваю кандыдатуру на выбарах, я вам таксама ўжо пра гэта казаў, я не маю права. Калі ў мяне няма на гэта падставаў. Адзіная падстава для прэзідэнта не ісці на выбары — гэта прыдуркаватасць, тупаватасць, хвароба. Вось тады не трэба ісці. І калі ты прыдуркаваты і гэтага не разумееш, то твае дзеці, родныя і блізкія, тваё найбліжэйшае палітычнае асяроддзе павіннае цябе папярэдзіць, утрымаць ад гэтых крокаў. А калі ты нармальны здаровы чалавек, ну што ж — ідзі. Але народ павінен вырашыць твой лёс. Гэта маё такое разуменне. Яно неабавязкова павіннае супадаць, як у вас кажуць, з меркаваннем рэдакцыі. Таму калі я буду жывы і здаровы ў 2015-м годзе, вы, магчыма, мяне ўбачыце ў спісе кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Прагаласуеце супраць — я гэта прыму як належнае.
Далей. З нагоды нахіліць — не нахіліць, або, як вы сказалі, сто адсоткаў, што Расія не зробіць з намі як ва Украіне, і г.д. і да т.п. Ведаеце, я вам наўрад ці нешта большае дадам. Я лічу, што Расіі сёння не да гэтага. На прыкладзе Украіны Расія наелася "вось так". За што яе там дзяўбуць, Расію? Ну, напэўна, у большасці сваёй яна гэтага і не заслугоўвае. Ну так сітуацыя склалася. Вінаватая Расія ў гэтым? Ну, напэўна, часткова. Часткова. Вы ведаеце маю пазіцыю па Крыме. Я яе адкрыта казаў і цяперашняму прэзідэнту, і былому і г.д. Падставіліся. Лічыце, ваша зямля? Трэба было за яе ваяваць. Раз не ваявалі, значыць, не ваша. І няма чаго сёння пакутаваць і стагнаць. Гэта я проста паўтараюся. Увесь свет пра гэта ведае.
Што тычыцца рознага роду пісак ў Расіі, вы ведаеце, нядаўна ў СМІ з'явіліся вось гэтыя артыкулы і іншае ад супрацоўнікаў РІСД — Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў — вы, напэўна, чыталі ўсю гэтую пісаніну?
Зміцер Лукашук: Я рабіў інтэрв'ю з гэтым экспертам, Аляксандрам Сыціным.
Аляксандр Лукашэнка: А, не, я маю на ўвазе, што пісаў гэты Сыцін і іншыя. Вы ж чыталі гэта?
Зміцер Лукашук: Так.
Аляксандр Лукашэнка: А інтэрв'ю з ім я не чытаў. Трэба даць мне прачытаць.
Зміцер Лукашук: Там, дарэчы, у яго такія непрыемныя для нас прагнозы будучых адносін Беларусі і Расіі.
Аляксандр Лукашэнка: Ну, ведаеце, гэта яго пункт гледжання. Але тое, што ён пісаў, што ёсць такія дзеячы, якія прэзідэнту праз адміністрацыю носяць нейкія заключэнні, ён абсалютна мае рацыю. Гэта для мяне не новае. Мы гэта фіксавалі. Я аднойчы, выступаючы ў парламенце з пасланнем, крытыкаваў гэтую структуру. Яна была, па-мойму, у свой час у службе замежнай разведкі, потым яе перападпарадкавалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, і яны нешта там "калякалі" за грошы, пісакі гэтыя. Гэта абуральна! А тое, што там напісана, гэта мне знаёма. Больш за тое, аднойчы ў прыватнай гутарцы, да слова прыйшлося, я і прэзідэнту пра гэта казаў. На што ён мне сказаў: "Аляксандр Рыгоравіч, мне столькі пішуць. І не думайце, што я гэта ўсё чытаю". Ён даслоўна так сказаў. Ну, я так спрошчана да гэтай заявы не падыходжу, але я гэта бачу. І я гэта чую. І калі там, прабачце мне, ёсць дэбілы такія, якія ў адміністрацыю прэзідэнта ці прэзідэнту нясуць на стол падобныя матэрыялы, гэта проста прыдуркі ці людзі, якія хочуць камусьці падлізацца, на гэтым зарабіўшы грошы. Таму, відаць, вы маеце рацыю, што на 100 адсоткаў не трэба быць упэўненым у тым, што ўсё добра вакол, гэта трэба бачыць. Напэўна, вы маеце рацыю. Таму не хвалюйцеся. А інтэрв'ю вашае з ім я прачытаю.
Зміцер Лукашук: Так, і я хацеў скарыстацца магчымасцю пайсці шляхам свайго сябра Валера Каліноўскага. Еўрарадыё не мела магчымасці рабіць з вамі інтэрв'ю ў 94-м годзе, калі вы былі кандыдатам у прэзідэнты, таму што тады нас яшчэ не было. Але я працаваў у той час на радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная", і на яе вы прыходзілі. Скарыстаўшыся гэтым, я вас прашу як былы супрацоўнік радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" цяпер даць мне інтэрв'ю для Еўрарадыё.
Аляксандр Лукашэнка: Зразумелі? Цяпер я павінен разлічвацца за нейкія там 20-гадовай даўніны часы. Ну што ж, жыццё такое, што давядзецца разлічвацца. Але ў вас, магчыма, будуць з Радыё Свабода або з кім там аднолькавыя пытанні. Можа быць, разам?
Зміцер Лукашук: Я думаю, што Каліноўскі будзе не супраць.
Аляксандр Лукашэнка: Не-не-не. Глядзіце самі. Калі абавязаны, значыць, буду разлічвацца. Гэта не так дорага для мяне. Ну і, напэўна, усё-ткі вашыя слухачы з маіх вуснаў павінныя пачуць нейкія адказы на нейкія пытанні. Таму я не выключаю. Дамовіцеся з прэс-сакратаром па графіку, не адкладаючы ў доўгую скрыню, або момант падбярыце патрэбны, калі я магу даць гэтае інтэрв'ю. Я вас ворагамі не лічу, хоць не зусім часам згодны з тым пунктам гледжання, які Еўрарадыё транслюе на ўвесь свет. Але гэта вашае права. Я забараніць вам не магу гэта рабіць. Або закрыць радыё.
Зміцер Лукашук: Ну, гэта ўжо радуе. Дзякуй!
Аляксандр Лукашэнка: А вы думалі, што я збіраюся закрыць Еўрарадыё?
Зміцер Лукашук: Я не думаў, што збіраецеся, але думаю, што ў вас ёсць такая магчымасць.
Аляксандр Лукашэнка: Ну навошта? Закрыць Еўрарадыё — гэта падняць яго аўтарытэт. Як мяне некалі Рыгор Леанідавіч Кісель вучыў, калі першыя прэзідэнцкія выбары ішлі. Кажа: "Вы на іх увагі не звяртайце — гэта будзе лепш. А калі закрыеце — тады цікавасць ва ўсіх з'явіцца". Потым ужо я сам пераканаўся ў тым, што не на ўсё трэба звяртаць увагу і з усімі ваяваць. Асабліва адначасова. А потым, навошта мне з вамі ваяваць? Няма неабходнасці такой. Вы не настолькі для мяне цяпер небяспечныя, каб даставаць стрэльбу і страляць. Пакуль урукапашную разбярэмся (смяецца).
Зміцер Лукашук: Дык мы і не хочам ваяваць. А таму маглі б і нам даць FM-частату...
Аляксандр Лукашэнка: Во! Во дайшлі! (смяецца) Я адразу сказаў, што давайце выпрацуем пэўныя патрабаванні. Гэта дзяржаўны рэсурс, вельмі важны. Калі гэтым патрабаванням будзеце адпавядаць — я не выключаю, што вы можаце перамагчы ў конкурсе на нейкую FM-частату. Я правільна выказаўся? О, бачыце, вольных няма частот, Дзіма!
Лілія Ананіч (міністр інфармацыі): Канкурэнцыя сапраўды вялікая, і шмат ахвочых, але свабодных частот няма. І гэта не дзеліць Ананіч. Гэта рэспубліканская камісія па пытаннях вырашае. Гэта сур'ёзны разгляд. На жаль, сёння мы не маем дадатковых частот, каб каму-небудзь стварыць новы рэсурс.
Аляксандр Лукашэнка: Слухай, можа, у Кісяля адбяром і аддамо рэсурс?
Зміцер Лукашук: Я згодны!
Аляксандр Лукашэнка: О! От дэмакратыя! Бачыце, адабраць і падзяліць! А не так жа кажуць на радыё на гэтым?!
Зміцер Лукашук: Ну, дэмакраты карыстаюцца магчымасцю.
Аляксандр Лукашэнка: (смяецца) Ну, у конкурсе, калі будзе частата, ён мае права ўдзельнічаць, так?
Лілія Ананіч: Любы зарэгістраваны інфармацыйны рэсурс, СМІ, у праве ва ўстаноўленым парадку звярнуцца. Але сёння гэтыя пытанні разглядаюцца ў адмоўны бок не толькі для Еўрарадыё. Скажам, "Гомельская праўда" зарэгістравала рэсурс "Праўда радыё". Але мы з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі маем праблему забяспечыць тэхнічнае распаўсюджванне на ўсю Гомельскую вобласць, на жаль. Думаю, што гэта было б цікавае радыё, запатрабаванае для вобласці, але частотны рэсурс, на жаль, у Гомельскай вобласці па тэхнічных прычынах перасякаецца з праблемамі накладання частот з Расійскай Федэрацыі. Але думаю, што сёння голас Еўрарадыё даступны з інтэрнэту, на інтэрнэт-сайтах. Сёння казаць пра адсутнасць тэхнічных магчымасцяў для распаўсюджвання інфармацыі не прыходзіцца. Інтэрнэт накрывае ўсю прастору.
Аляксандр Лукашэнка: Але з вашага пункту гледжання, гэта нармальнае Еўрарадыё або варожае?
Лілія Ананіч: Калі міністр інфармацыі будзе варагаваць са СМІ, напэўна, гэта няправільна. Калі працуюць у рамках заканадаўства...
Аляксандр Лукашэнка: Пачакай, пачакай. Лілія, ну вы ж дзяржаўны чалавек, пры чым тут вы? Я кажу пра дзяржаву. Яно не варожае дзяржаве?
Лілія Ананіч: У рамках заканадаўства папярэджання яшчэ не мае. Але мы ўважліва аналізуем кантэнт. Я думаю, што Еўрарадыё сёння мае ўсе законныя падставы працаваць у Рэспубліцы Беларусь, а Міністэрства інфармацыі будзе старанна аналізаваць кантэнт, які будзе рыхтавацца Еўрарадыё, роўна як і іншых СМІ.
Аляксандр Лукашэнка: Ну ладна.