Лукашэнка і Пуцін вырашылі правесці перамовы ў Маскве
Кіраўнікі Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся сустрэцца ў Маскве для абмеркавання актуальных пытанняў у стасунках дзвюх дзяржаў. Такое рашэнне было прынятае падчас сустрэчы ў казахскім Бурабаі, дзе праходзіць саміт СНД.
Пуцін павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах і выказаў спадзеў на такую ж эфектыўную двухбаковую працу, якой яна была раней у адносінах Беларусі і Расіі. Апроч таго расійскі прэзідэнт адзначыў, што цяпер актуальныя пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў.
Лукашэнка ў сваю чаргу прапанаваў сустрэцца асобна і прыняць рашэнні “па ўсіх пытаннях, па якіх выспелі рашэнні”. Таксама беларускі кіраўнік сказаў, што “наўрадці мы ў гэтым вэрхале сёння зможам паразмаўляць глыбока”. Пуцін пагадзіўся з такой прапановай і запрасіў Лукашэнку ў Маскву, перадае Interfax.by
Раней меркавалася, што падчас сустрэчы на саміце СНД Лукашэнка і Пуцін правядуць перамовы аб стварэнні расійскіх авіябазаў на тэрыторыі Беларусі.
Фота: БЕЛТА