Лукашэнка: Калі заробак будзе Br1000, метр жылля не павінен каштаваць столькі ж
23 лістапада Аляксандр Лукашэнка праводзіць семінар-нараду аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічай галіны. У ёй удзельнічаюць вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі з рэгіёнаў, прадстаўнікі будаўнічай галіны. Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка засцярог ад аўтаматычнага павелічэння кошту квадратнага метра жылля ў сувязі з павышэннем заробкаў. Паводле яго слоў, урад мусіць захаваць формулу "адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднемесячную зарплату".
"Дасягненне ўзроўню заработнай платы ў 1 тысячу рублёў не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка паставіў задачу за два гады ліквідаваць чаргу шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Ён адзначыў, што ў той час, калі агульная чарга зніжаецца, дык "чарга шматдзетных сем'яў няспынна расце". За два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 8,5 тысяч.