Лукашэнка: Лыжнікі правалілі, хакеісты правалілі, іншыя віды спорту правалілі
27 сакавіка міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч праінфармаваў кіраўніка дзяржавы пра сітуацыю ў хакейным клубе “Дынама-Мінск”. Шуневіч — старшыня назіральнага савета клуба. Ён прапанаваў захаваць у будучым сезоне цяперашні трэнерскі штаб. Як вядома, галоўным трэнерам дынамаўцаў з’яўляецца канадскі спецыяліст Гордзі Дуаер. Яму дапамагаюць беларусы Сяргей Стась, Канстанцін Кальцоў і Андрэй Кудзін.
У мінулым сезоне “Дынама” не вельмі ўдала выступіла ў Кантынентальнай хакейнай лізе, не прабілася ў плэй-оф. Аднак Ігар Шуневіч бачыць “пэўную станоўчую дынаміку”. “Мяняць коней на пераправе лічу немэтазгодным, трэба даць яшчэ адзін шанец развіць усё станоўчае, што было ў клубе, і паспрабаваць даставіць большае задавальненне нашым заўзятарам, чым гэта мы зрабілі ў сезоне 2017/2018”, — цытуе словы Шуневіча БЕЛТА.
У чарговы раз міністр і старшыня назіральнага савета паабяцаў, што колькасць легіянераў у камандзе будзе паступова скарачацца. “У некаторых колах гэта непапулярная думка, і большасць клубаў асабліва пра гэта не задумваецца, — кажа Ігар Шуневіч. — Але я перакананы, што стымуляцыя айчыннага хакею магчымая тады, калі мы будзем рабіць стаўку і на свой трэнерскі штаб, і на сваіх гульцоў. Толькі тады мы зможам упэўнена сябе адчуваць на любых спаборніцтвах”.
Як стала вядома, на сённяшні дзень клуб адбірае гульцоў, якія застануцца ў наступным сезоне, рыхтуецца падпісанне кантрактаў.
Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на неабходнасць аператыўнага прыняцця рашэнняў: “Каб мы “міжсезонку” не правалілі. А то ў нас лыжнікі правалілі, хакеісты правалілі, іншыя віды спорту правалілі, а пасля будзем падчас міжнародных спаборніцтваў апраўдвацца і даганяць тое, што не зрабілі летам”.