Лукашэнка наведвае прадпрыемства, якое распрацавала новы "Бук"

Лукашэнка наведвае прадпрыемства, якое распрацавала новы "Бук"

22 траўня Аляксандр Лукашэнка наведвае сёння доследна-выпрабавальны ўчастак навукова-вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю "ОКБ ТСП" у Мачулішчах.

Арганізацыя займаецца распрацоўкай, вырабам, мадэрнізацыяй і рамонтам сістэм і сродкаў узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама высокатэхналагічнай прадукцыі падвойнага прызначэння.

Напрыклад, арганізацыя займалася капітальным рамонтам і мадэрнізацыяй ЗРК "Бук", распрацавала новы ЗРК "Бук-МБ2К" на колавай спецыяльнай базе ААТ "МЗКЦ" і новыя перспектыўныя зенітныя кіраваныя ракеты да яго. Гэтае ж прадпрыемства распрацоўвала і зрабіла самаходны супрацьтанкавы ракетны комплекс "Каракал", браніраваны аўтамабіль высокай праходнасці "Барс", аўтаматызаваную сістэму кіравання СПА "Рэдут" ды іншую тэхніку.

Падчас наведвання прадпрыемства кіраўнік Беларусі патлумачыў, навошта нашай краіне патрэбная ракетная зброя. "Добра было б, калі б усе дзяржавы ўзялі і адмянілі войны. Але пакуль яшчэ ніхто не адмяняе войны, нягледзячы на эпідэміі, пандэміі, істэрыі. Вайну ніхто не адмяняў. І, на жаль, да яе даводзіцца рыхтавацца ў мірны час. Нікуды не дзенешся. Калі не будзеш рыхтавацца, не дай бог, вядома, цяпер, то будзеш пажынаць горкія плады потым", — цытуе БЕЛТА яго словы.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь рыхтуецца да абароны ў выпадку агрэсіі збоку. Галоўная задача пры гэтым — нанесці непрымальныя страты праціўніку. "І мы гэта павінны дэманстраваць цяпер, каб тыя, хто, не дай бог, надумае з намі ваяваць, разумелі, што мы можам адказаць годна. Самы лепшы адказ з пункту гледжання ўзбраенняў на сённяшні дзень — гэта ракеты, высокадакладная зброя", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі