Лукашэнка не хоча "сепаратных дамоўленасцяў за спінай Беларусі"

Лукашэнка не хоча "сепаратных дамоўленасцяў за спінай Беларусі"

7 красавіка на пасяджэнні Саўбеза РБ Аляксандр Лукашэнка абураўся, што Беларусь не ўдзельнічае ва ўкраінска-расійскіх перамовах. А яшчэ ён назваў расійскую "спецаперацыю" вайной.

"Не можа быць перамоў без удзелу Беларусі, — гаварыў Лукашэнка. — Калі вы нас увязалі ў гэта (найперш заходнія краіны), там на гэтых перамовах натуральна павінна прагучаць пазіцыя Беларусі".

У яго словах адчуваецца нейкая крыўда на Маскву. "Мы зыходзім не з таго, што нас у адзін кошык паклалі з Расіяй, не, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зыходзім з таго, што гэтая вайна за плотам нашай краіны і яна самым сур'ёзным чынам уплывае на сітуацыю ў Беларусі. Таму ніякіх сепаратных за спінай Беларусі дамоўленасцяў быць не можа!"

Прысутныя на Саўбезе нешта запісвалі ці з сумам паглядалі на свайго кіраўніка. А ён працягваў: "І я абсалютна перакананы і ведаю, што Расія такую пазіцыю разумее". Са слоў Лукашэнкі вынікае, што яна "супярэчыць задумцы Захаду". "Але гэта не азначае, што мы павінны танчыць пад дудку Захаду!" — эмацыйна заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што "даручана МЗС гэтую пазіцыю рэалізаваць". Цікава, якім чынам?

Лукашэнка анансаваў чарговую сустрэчу з Пуціным.

Відавочна, што ў Мінску заклапочаныя сітуацыяй ва Украіне і тым, што расійскія войскі адступілі ад Кіева. А яшчэ РФ пачалі абвінавачваць у ваенных злачынствах. Таму не дзіўна, што Аляксандр Лукашэнка адмаўляў, што РБ — "памагаты агрэсара".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі