Лукашэнка незадаволены дысцыплінай генералаў і ўрадавай сувяззю
Кіраўнік Беларусі 18 жніўня прыняў з дакладам дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Мяжуева.
На сустрэчы размова ішла пра дзейнасць сілавога блока краіны і праваахоўных органаў, працу якіх каардынуе дзяржсакратарыят Савета бяспекі, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка пахваліў працу сілавога блока, але адзначыў, што ёсць і негатыў. Так, Лукашэнку насцярожваюць некаторыя пытанні дысцыпліны, асабліва сярод афіцэрскага і нават генеральскага корпуса ў Міністэрстве абароны. "Такіх фактаў дастаткова, вы, напэўна, іх атрымліваеце. Хачу, каб яны гэта чулі: я гэта ведаю", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Таксама беларускі кіраўнік рэзка раскрытыкаваў і выказаў прэтэнзіі да якасці працы закрытай, так званай урадавай, сувязі. "Гэта не справа, калі гаворыш з кіраўніком якой-небудзь дзяржавы, і нармальна пагаварыць немагчыма", — адзначыў Лукашэнка.
Акрамя таго, ён запытаўся пра сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы. Па словах Лукашэнкі, "беларускім памежнікам трэба дзейнічаць так, каб ніякіх абгрунтаваных прэтэнзій з боку Украіны да нас не было". Ён загадаў беларускім памежнікам працаваць у шчыльным кантакце з украінскімі.
Фота — ctv.by