Лукашэнка падпісаў указ аб вакцынацыі замежнікаў па просьбе ўкраінскага дэпутата

Яўген Шаўчэнка на прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by​​
Яўген Шаўчэнка на прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by​​

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым уездзе замежнікаў для вакцынацыі ад COVID-19 на просьбу ўкраінскага дэпутата Яўгена Шаўчэнкі, паведамляе праўладны тэлеграм-канал.

Шаўчэнка напісаў Лукашэнку ліст і папрасіў "разгледзець магчымасць вакцынавання супраць COVID-19 грамадзян Украіны, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь".

У выніку было прынятае рашэнне распрацаваць механізм не толькі для ўкраінцаў, але і для грамадзян з іншых краін. У спісе тых, хто можа без візы ўехаць па прышчэпку у Беларусь, аказаліся грамадзяне 73 дзяржаў.

Спіс краін, а таксама тэкст указа апублікаваныя сёння на Нацыянальным прававым партале. Згодна з дакументам, замежнікі з названых краін без візы могуць заехаць у Беларусь, каб зрабіць прышчэпку. Для ўезду патрэбны будзе пашпарт, адмоўны ПЦР-тэст і рэгістрацыя на вакцынацыю. Пакуль такі рэжым будзе дзейнічаць з 15 ліпеня 2021 года да 31 снежня 2022 года.

Яўген Шаўчэнка размаўляў з Лукашэнкам у красавіку ў Мінску. Гэта справакавала скандал у яго фракцыі "Слуга народа". Там заявілі, што не адпраўлялі нардэпа ў Мінск. Афіцыйны Кіеў, як вядома, не прызнае вынікі беларускіх выбараў 2020 года. У траўні Шаўчэнку выключылі з фракцыі.

Паводле звестак на канец чэрвеня, у Беларусі ад COVID-19 цалкам прышчапілася крыху больш за 6% насельніцтва. Першую дозу атрымала каля 9,5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі