Лукашэнка пакарміў Сігала морквай з зямлі
Вядомы галівудскі актор Стывен Сігал сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у яго рэзідэнцыі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.
Як паведамляла Еўрарадыё, актор прыбыў у кампанію Wargaming. Ён выступае кансультантам па бітвах у стварэнні World of Warships. Аднак за суткі ў Мінску артыст паспеў таксама зрабіць кароткую экскурсію па горадзе і пазнаёміцца з нацыянальнай кухняй.
24 жніўня адбылася нефармальная сустрэча Стывена Сігала і Аляксандра Лукашэнкі. "Пазнаёміцца з Аляксандрам Лукашэнкам Стывен Сігал, па яго ўласным прызнанні, марыў даўно і, збіраючыся ў Мінск, настойліва прасіў пра сустрэчу. Да Беларусі стаўленне ў госця асаблівае яшчэ і таму, што, як высветлілася сёння, Стывен Сігал — наш зямляк: ёсць яго карані і ў Беларусі", — паведаміла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка вырашыў паказаць Сігалу поле з гароднінай, паколькі цяпер ідзе ўборачная. Акцэнт быў зроблены на самых папулярных культурах — бураках, капусце, моркве. "Тут жа ў полі адбылася і першая дэгустацыя", — піша БЕЛТА. Тэлеканал АНТ удакладніў, што кіраўнік Беларусі пачаставаў галівудскую зорку морквай, выдранай з зямлі.
Таксама вядомаму артысту паказалі ўборку бульбы і кавуноў.
"За лёгкай вячэрай у рэзідэнцыі прэзідэнта стравы беларускай кухні госці спрабавалі літаральна "з градкі". Да смаку прыйшліся халаднік, бульба і, вядома, беларускае сала. Натуральныя беларускія прадукты не пакінулі абыякавымі амерыканскіх гасцей", — распавяла Наталля Эйсмант.
Таксама паведамляецца, што беларускі кіраўнік падарыў актору на памяць кнігу і корцік. Пры сустрэчы прысутнічаў і малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.
Дарэчы, гэта не першы славуты кінаартыст, які прыязджае ў госці да беларускага кіраўніка. Год таму ў Беларусь прыязджаў Жэрар Дэпардзьё, якога Лукашэнка нават вучыў касіць.