Лукашэнка памілаваў чыноўніка, абвінавачанага ў карупцыі
Кіраўнік Беларусі памілаваў былога начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Яўгена Дуплеўскага, абвінавачанага ў карупцыйным злачынстве.
У каментары агенцтву БелаПАН начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй пракуратуры Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў паведаміў, што Дуплеўскага памілавалі яшчэ сёлета ўвесну. "Гэта значыць, што ён кампенсаваў шкоду ў двухразовым або трохразовым памеры", — адзначыў супрацоўнік пракуратуры.
У лютым 2014 абласная пракуратура паведаміла, што на чыноўніка пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены паўторна або групай асоб па папярэдняй змове. Па версіі следства, Дуплеўскі чатыры навучальныя гады (2010-2013 гг.) афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым фактычна ён такія заняткі з навучэнцамі не праводзіў. А ў школе афармлялася фіктыўная службовая дакументацыя, і яму плацілі заробак. Па звестках следства, страты дзяржавы склалі каля 22 млн рублёў.
Дуплеўскаму пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Экс-чыноўнік прызнаў сваю віну ў крадзяжах і падаў кіраўніку Беларусі прашэнне аб памілаванні.
Фота: cont.ws