Лукашэнка параўнаў ЗША з нацысцкай Нямеччынай, а Абаму нагадаў пра рабства
Кіраўнік Беларусі лічыць вельмі небяспечнай прапаганду ідэі "амерыканскай выключнасці".
Ён параўнаў гэта з сітуацыяй у нацысцкай Нямеччыне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў у інтэрв'ю казахскаму тэлеканалу 24 KZ напярэдадні свайго візіту ў Казахстан, які адбудзецца 3—4 кастрычніка.
Нагодай для каментара стала заява прэзідэнта ЗША Барака Абамы пра выключную ролю амерыканскай нацыі на міжнароднай арэне, адзначае БелаПАН. Лукашэнка сказаў: "Вы паглядзіце, да чаго дагаварыліся. Амерыканская нацыя (як гісторык не магу гэта асэнсаваць, што за нацыя такая) прысвоіла сабе права нейкай выключнасці".
"Мы гэту выключнасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя перажылі, і яна каштавала 50 мільёнаў жыццяў. Тут ужо папахвае чымсьці нядобрым", — дадаў Лукашэнка.
"Самае страшнае, калі мы гэтую ідэалогію пра нашую выключнасць убіваем у галаву ўласнага насельніцтва. І яны, як гэта было калісьці ў Нямеччыне, пачынаюць разумець, што гэта асаблівая раса, асаблівая кроў, асаблівая выключнасць, і мы павінны наводзіць парадак у свеце і ўсіх падстрыгчы пад свае стандарты. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя", — кажа кіраўнік Беларусі.
Асабліва недапушчальнай Лукашэнка лічыць гэтую рыторыку з вуснаў цяперашняга прэзідэнта ЗША: "Наогул мяне Абама дзівіць. Яшчэ зусім нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амерыцы рабынямі былі, сёння ўжо пра выключнасць нейкую заяўляюць. Я ніколі не думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных пластоў, зможа такую рыторыку ў свеце праводзіць".
Лукашэнка пра Мубарака: Ляжыць у бальніцы, як качарыжка (відэа)