Лукашэнка: З жывёл я найбольш люблю цялят
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі расійскіх СМІ гаворка зайшла пра абарону жывёлаў. Нядаўна сэкс-сімвал 1950-1960-х гадоў Брыжыт Бардо даслала ліст Лукашэнку і папрасіла абараніць бяздомных жывёл, узмацніць адказнасць для тых, хто жорстка абыходзіцца з жывёламі. "Будзьце мужным, не расчаруйце мяне!" — піша знакамітая французская кінаактрыса.
Лукашэнка прызнаўся, што ліст Брыжыт Бардо атрымаў. Ён сказаў, што з найвялікшым хваляваннем адносіцца да жывёлаў, асабліва да цялятаў. А карове ён гатовы паставіць у Беларусі помнік.
"У мяне тры каты жывуць і два сабакі, больш не магу завесці, таму што яны б'юцца паміж сабой", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі sputnik.by. Малодшы сын Мікалай хацеў узяць яшчэ аднаго сабаку, але бацька не дазволіў, бо перажывае, што сабакі паміраюць. Справа ў тым, што яму давялося даваць дазвол на ўсыпленне свайго самага любімага сабакі — аўчаркі. Калі ж даведаўся, што смерць была пакутлівай, дазвол больш не даваў. Яшчэ два сабакі памерлі сваёй смерцю.
Два гады таму Аляксандр Лукашэнка расказваў, што ў яго на той час жылі чатыры сабакі: дзве лайкі, лабрадор і нямецкая аўчарка. Таксама жылі тры каты, качкі, індыкі, страусы, кітайскія і звычайныя куры, каля 20 трусоў, дзясятак кароў, козы, авечкі, 7-8 коней.