Сэкс-сімвал 1950-х Брыжыт Бардо не хоча, каб Лукашэнка яе расчараваў
Сэкс-сімвал 1950-1960-х гадоў Брыжыт Бардо папрасіла, каб Аляксандр Лукашэнка яе не расчараваў. Знакамітая французская кінаактрыса даслала ліст кіраўніку Беларусі і змясціла яго на сваім сайце. Бардо просіць абараніць бяздомных жывёл. Высветлілася, што яна вывучала сітуацыю ў нашай краіне. Яе абурае адстрэл бяздомных жывёл, іх атручванне. Прычым часам гэта бачаць дзеці.
Брыжыт Бардо заклікае Аляксандра Лукашэнку аддаць грошы, якія выдаткуюцца на адлоў бяздомных жывёл, прытулкам, арганізаваным для іх. Яна лічыць, што гэты крок, а таксама ўзмацненне адказнасці для тых, хто жорстка абыходзіцца з жывёламі, палепшыць імідж нашай краіны ў ЕС. Пры гэтым Бардо піша, што знаёмілася з традыцыямі, з фальклёрам Беларусі і яна ў захапленні.
"Будзьце мужным, не расчаруйце мяне!" — звяртаецца абаронца жывёл да Лукашэнкі.
Зорным часам Брыжыт Бардо былі 1950-1960-я гады, калі яна стала адным з сэкс-сімвалаў (усё пачалося з фільма "І Бог стварыў жанчыну", які выйшаў на экраны ў 1956-м). Барацьба за правы жывёл зацікавіла Бардо ў пачатку 1970-х гадоў. Яна ачольвае "Фонд Брыжыт Бардо".