Лукашэнка: "Шчыра сказаць, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся"

Лукашэнка: "Шчыра сказаць, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся"

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 6 жніўня абмяркоўвалася падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту, інфармуе яго прэс-служба. Пабудаваць іх плануецца за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая.

Раней паведамлялася, што для будаўніцтва стадыёна вылучаная пляцоўка каля стадыёна "Трактар", а басейн паставяць на месцы былой друкарні "Чырвоная зорка". 

Кіраўнік дзяржавы назваў будаўніцтва такіх аб'ектаў беспрэцэдэнтным. Па яго словах, Беларусь звяртаўся ў гэтым пытанні да іншых краінаў: "Але там грошай не знайшлося ці жадання. А Кітайская Народная Рэспубліка і яе кіраўнік адгукнуліся".

Лукашэнка даручыў стварыць неабходныя ўмовы, каб пабудаваць басейн і стадыён у самыя кароткія тэрміны. 

"Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць дадзены аб'ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашыя людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скаргаў , што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, не тое што з савецкіх часоў, да рэвалюцыі яшчэ па некаторых з іх будавалі. Пра гэта я ўжо папярэджваў і міністра, і прэм'ер-міністра, што павінны быць уведзеныя еўрапейскія стандарты. Пакінуць трэба толькі там, дзе мы бачым, што нашыя стандарты не горшыя. Але тут мы будзем будаваць па міжнародным стандартам", — патлумачыў кіраўнік Беларусі.

Па яго словах, кітайцы гатовыя пачаць будаўніцтва ў першай палове 2020 года, а завяршыць — да 2023 года. 

Разам з тым Лукашэнка звярнуў увагу на праблемы з будаўнічымі пляцоўкамі: "Але я ведаю, што ёсць праблемы па грунтах, асабліва ў раёне будаўніцтва плавальнага басейна і працоўныя моманты (але іх трэба вырашаць) па размяшчэнні нацыянальнага стадыёна".

Беларускі кіраўнік заявіў, што стадыён і басейн — важныя элементы дзяржаўнага будаўніцтва: "Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць. Яны нам вельмі патрэбныя. Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб'ектаў".

Пры гэтым ён прызнаў, з футболам і плаваннем у Беларусі справы ідуць не найлепшым чынам. "Шчыра сказаць, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся. Але гэта асобная размова ў мяне будзе з профільнымі міністрамі ды іншымі спартыўнымі арганізацыямі", — паабяцаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі