Лукашэнка: Турчынаў баяўся, што мы заедзем на танку ў Кіеў
Пасля агучвання паслання да беларускага народу і Нацыянальнага сходу кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні дэпутатаў і сенатараў.
"Турчынаў — нармальны чалавек", — выказаўся Аляксандр Лукашэнка пра цяперашняга кіраўніка Украіны. Ён адзначыў, што ўкраінскі кіраўнік — добры навуковец, вельмі рэлігійны чалавек. Але ў той жа час "ён празмерна нацыяналістычны... больш чым я і ўсе мы тут разам узятыя", адзначыў Лукашэнка.
Ён прызнаўся, што падчас сустрэчы на Гомельшчыне Турчынаў не меў ніякіх прэтэнзій да беларускага кіраўніцтва. Але яго турбавала адно пытанне. "Яго пераканалі, што Лукашэнка свае войскі пашыхтаваў на поўначы Украіны і гатовы заехаць на танках у Кіеў", — распавёў кіраўнік дзяржавы ды прызнаўся, што можа прыехаць толькі "на трактары з плугам". "Ты нават не думай, што Пуцін на танку прыедзе ў Кіеў. Я абсалютна перакананы, што Расіі там вайна не патрэбна", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка выступіў супраць так званай федэралізацыі Украіны. Падкрэсліў, што інакш, рана ці позна, частку гэтай федэрацыі нехта "адцяпае". Таму ён — за адзіную і цэласную Украіну.