Лукашэнка ўжо 10 гадоў супраць праверак, якія перашкаджаюць бізнэсу
Зарэгістраваць бізнес у Беларусі "досыць проста", але "потым прыйдуць медыкі, МНС, яшчэ нехта — і труба". Так, выступаючы ў парламенце 7 кастрычніка 2016 года, Аляксандр Лукашэнка апісвае праблему залішняй колькасці праверак, якія прыходзяць да прадпрымальнікаў. "З 1 студзеня, як мы і дамаўляліся, усё гэта трэба зняць. Калі хочаце, я падпішу ўказ, дэкрэт", — заяўляе кіраўнік дзяржавы.
Прадпрымальнікі чакаюць "ўказа, дэкрэта" да гэтага часу. Але 3 лютага час "Вялікай размовы з прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка зноў гаворыць, што трэба скарачаць колькасць праверак: "Усе крытыкуюць — немагчыма працаваць прыватнікам, прадпрымальнікам. Задушылі... Назавіце хоць адну краіну, дзе не ходзяць і не правяраюць! Але будзе так, як з ільготамі. Хутчэй за ўсё, скароцім ўсё да мінімуму".
А вось перадвыбарная праграма кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваная ў верасні 2015 года: "Мы яшчэ больш будзем спрыяць развіццю ініцыятывы. Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнэс. Ліквідуем усе, што перашкаджае яго развіццю".
Прасочым гісторыю таго, як Аляксандр Лукашэнка змагаецца з праверкамі, якія перашкаджаюць прадпрымальнікам працаваць.
10 сакавіка 2013 года. Лукашэнка наведвае рынак у сталічным мікрараёне "Малінаўка"
"Усе паборы з прадпрымальнікаў, акрамя арэнднай платы, забараняюцца. Тое, што ў іх выманілі, — неабходна вярнуць!"
Сёння 1703 дзяржаўныя ўстановы маюць права правяраць дзейнасць прадпрымальнікаў.
8 траўня 2012 года. Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнага сходу
"Колькасць праверак празмерная, па-ранейшаму яны носяць не папераджальны, а карны характар".
"Мы часам правяраем не тых і ідзём не ў тыя месцы, куды трэба было б ісці".
"Доўгія гады мы прытрымліваліся прымаўкі: "Давярай, але правярай". Магчыма, прыйшоў час пераставіць словы месцамі".
6 снежня 2010 года. Даклад Аляксандра Лукашэнкі на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе
"У новай пяцігодцы неабходна канчаткова удасканаліць кантрольную дзейнасць. Прадпрыемствы не павінны задыхацца ад праверак".
"Нядаўна прынята было рашэнне аб тым, каб упарадкаваць кантрольную дзейнасць, не хадзіць туды-сюды некалькі гадоў і так далей. Мне дакладваюць: "Праверкі скараціліся ў разы". Але прыходзяць асобныя людзі і паведамляюць: "Ды не, Аляксандр Рыгоравіч, ды не скараціліся праверкі. Як былі, так і ёсць". Я тут жа націскаю кнопку:" Зянон Кузьміч [З.К. Ломаць, на той момант старшыня Камітэта дзяржкантролю], як гэта разумець?" — "Не, мы не правяраем, мы ажыццяўляем маніторынг". (Смех у зале, апладысменты)
"Я больш нічога ў гэтым плане казаць не буду. У бліжэйшыя год-два мы ўсякія маніторынгі і праверкі прывядзем да агульнай асновы".
"Што там граху таіць — іх [работнікаў кантралюючых органаў. — Еўрарадыё] трэба паіць, карміць, шчасьціць і іншае. Наогул не працуе арганізацыя — яны месяц правяраюць". (Апладысменты)
"Вы ведаеце, мы на праверках губляем часам больш, чым атрымліваем у выніку гэтых праверак, калі нават пераводзіць у грашовы падлік".
12 кастрычніка 2009 года. Нарада па пытанні ўдасканалення кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў краіне
"Я вымушаны быў абвясціць мараторый на правядзенне праверак да таго часу, пакуль не будуць вызначаныя дакладныя адзіныя правілы ажыццяўлення кантрольнай і нагляднай дзейнасці".
"Няма чаго наогул правяраць, калі няма аргументаваных прэтэнзій да суб'екта па выкананні заканадаўства".
"Трэба адназначна выключыць практыку хаджэння кантралёраў на адно прадпрыемства адзін за адным і праверак на працягу многіх месяцаў".
23 лістапада 2006 года. Стэнаграма прэс-канферэнцыі прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі Украіны
"У нас на заканадаўчым узроўні вырашана пытанне праверак і кантролю. Бываюць, вядома, у жыцці скажэнні гэтай палітыкі".
"Хаця ў нас кантрольных гэтых праверак яшчэ, як і ўсюды, напэўна, вельмі шмат, крыўдзяцца людзі, але іх становіцца ўсё менш і менш".