Ну ты токсік! Як негатыўны бізнес-клімат у Беларусі забівае ўсё жывое
З невідавочных эфектаў — туды, дзе памерла ўсё жывое, прыходзіць расійскі бізнес.
З Беларусі знікаюць айцішнікі, а хутка знікне і "Адаптол". Санкцыі не ўводзіліся ні ў дачыненні да большасці IT-кампаній, ні ў дачыненні да заспакаяльных лекаў. Але таксічны бізннс-клімат усіх распужаў.
Ніхто не мусіць ведаць, што ў камандзе беларусы ў Беларусі
У пачатку жніўня брытанскае медыя Telegraph выкрыла кампанію WM Reply. Загаловак быў гучны: "Праграмнае забяспечанне для брытанскіх атамных падводных лодак стваралі інжынеры з Беларусі і Расіі". Змест уражвае трохі менш, але ў цэлым усё ж захапляе.
Кампанія Rolls-Royce Submarines, якая забяспечвае працу атамнага падводнага флоту Вялікабрытаніі, хацела мадэрнізаваць сваю ўнутраную сетку для супрацоўнікаў. Гэты праект яна перадала на субпадрад фірме WM Reply, а тая ўзяла на аўтсорс некалькі распрацоўшчыкаў з Беларусі і аднаго — з расійскага Томска. Гэта было яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў 2020 года.
І вось некаторыя супрацоўнікі WM Reply пачалі біць трывогу: яны не былі ўпэўненыя, што з беларусамі на борце праект у бяспецы, і прапанавалі праінфармаваць пра гэта кампанію Rolls-Royce.
Але начальства вырашыла гэтага не рабіць і паспрабавала схаваць месцазнаходжанне распрацоўшчыкаў, пабаяўшыся, што заказчык адкліча праект.
За чатыры гады, якія прайшлі з таго часу, "хаваць" беларусаў у Беларусі сталі толькі часцей, кажа Павел Лібер.
— Гэта адбываецца досыць часта, асабліва калі справа звязаная з партнёрствам з буйнымі кампаніямі. Або ў выпадках, калі нейкая падзея (напрыклад, хакатон) спансаруе буйная кампанія.
Трэба быць рэалістамі: згадкі Беларусі і Расіі сёння вельмі таксічныя. Усе ведаюць пра вайну, усе ведаюць пра санкцыі, але ніхто асабліва глыбока не разбіраецца, за што можна трапіць пад гэтыя санкцыі, хто і за што іх уводзіць. Проста тэма таксічная, і ўсе стараюцца яе не чапаць. Таму буйныя заходнія кліенты сёння не ідуць у Беларусь і Расію. Любыя падзеі, у якіх фігуруюць імёны гэтых дзвюх краін, маюць таксічны характар.
Лібер лічыць, што ў той жа гісторыі з падлодкамі доступ да сапраўды адчувальнай інфармацыі беларусы маглі атрымаць толькі ў адным выпадку — "калі брытанцы звар'яцелі".
— Я ўпэўнены, што над ключавымі модулямі брытанцы працавалі самі. Абсалютная большасць кампаній, якія працуюць з такога роду замовамі, сертыфікаваныя, забяспечваюць стварэнне закрытых перыметраў, унутраных сетак, шыфраванне дадзеных і іншае, і іншае.
То-бок распрацоўшчыкі знаходзяцца ў адным месцы і нават здаюць тэлефоны перад тым, як туды трапіць. У іх ёсць уласныя зашыфраваныя каналы камунікацыі — праца ідзе ў ізаляванай сетцы, і распрацоўшчык з яе не можа нават выходзіць у интэрнэт. І код часта не захоўваецца на кампъютары ў распрацоўшчыка, ён злучаецца з дыстанцыйным серверам. Нават калі такога чалавека затрымліваюць — у яго нічога няма.
І такіх стандартаў шмат, таму я не думаю, што магло здарыцца нешта крытычнае. Вядома, гэта пагроза бяспецы. Сам факт таго, што распрацоўшчык не разумее, дзе знаходзяцца канчатковыя распрацоўшчыкі, не робіць іх папярэдняга скрынінгу — гэта ўжо праблема.
Больш чым палова людзей, якія былі ў айці, ужо з'ехалі з Беларусі, кажа Лібер. Буйныя аўтсорсінгавыя кампаніі вывозілі людзей у першую чаргу, акурат таму, што кліенты масава адмаўляліся працаваць з Беларуссю.
Пасля пачатку вайны ва Украіне некалькі сотняў кампаній закрылі свае прадстаўніцтвы ў ПВТ. Самы яскравы прыклад — EPAM, офіс якога ўдвая скараціўся ў Беларусі і наогул закрыўся ў Расіі.
Буйныя кампаніі ўсё ж часцей выбіраюць рэлакацыю сваіх спецыялістаў, а не ўтойванне іх геаграфіі. Дробныя стартапы могуць замоўчваць, што частка каманды знаходзіцца ў Беларусі, бо гэтая геаграфія можа моцна знізіць іх прывабнасць для інвестараў.
— Прадукт, які створаны ці распрацоўваецца ўнутры Беларусі, можа атрымаць негатыўны імідж і не ўзляцець на рынку. Акрамя таго, ключавыя супрацоўнікі кампаніі, якая знаходзіцца ў Беларусі, могуць быць арыштаваныя ў любы момант, — расказвае нам на ўмовах ананімнасці адзін з экспертаў сферы. — А людзі — гэта найважнейшы актыў і стартапа, і айці-кампаніі. Наяўнасць чалавека ў Беларусі павышае рызыку зрыву тэрмінаў і наогул закрыцця стартапа. Таму — так, многія вымушаныя і закрываць офісы, і хаваць месцазнаходжанне сваіх распрацоўшчыкаў.
Ёсць і рэальная небяспека, а не толькі рэпутацыйная рызыка ў працы з беларусамі ўнутры Беларусі, працягвае наш суразмоўца.
— Ёсць вядомыя беларускія кампаніі, якія пераехалі ў Еўропу і забараняюць сваім супрацоўнікам працаваць з Беларусі. І работнікі такія: ды што за трызненне, чаму я не магу працаваць з Беларусі? Адказ вельмі просты: прыходзіць ГУБАЗіК, забірае ў вас ноўтбук, узломвае яго ці патрабуе разблакаваць, залазіць у кліенцкую базу — ды наогул куды заўгодна.
— Або змяняюцца да непазнавальнасці. Легальнай прыватнай адукацыі ў Беларусі амаль няма (акрамя самай элітнай і ідэалагічна выверанай). Экскурсійны бізнес на ўздыме — але кліент расійскі, і змест экскурсій — прадмет пільнай увагі прапагандыстаў і сілавікоў. То-бок галіна нібыта нават на ўздыме, але перспектывы не вясёлкавыя.
Тыя [бізнесы], якія не толькі пра грошы, будуць сыходзіць. Вось у Мінску літаральна за тыдзень закрылася некалькі вядомых устаноў грамадскага харчавання. Здаецца, не бяда, але гэта мяняе ландшафт, і гэта толькі першыя ластаўкі. Зразумела, што калі не знойдзецца на іх месца беларускіх бізнесаў — прыйдуць расійскія. Але гэта відавочная страта для краіны. Сыходзяць медцэнтры — іх дабівае кантроль цэн. Сышоў практычна ўвесь хардвар і значная частка ІТ-бізнесаў. І многія таксама не чакалі прамых санкцый. Страчаныя магчымасці палічыць можна будзе ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Мы прапануем нашым суразмоўцам пафантазіраваць пра будучыню, у якой сітуацыя ў Беларусі прыходзіць у норму. Махоўскі кажа, што за паўгода прыйдзе ў норму і таксічнае асяроддзе ў бізнес-клімаце.
— Я не думаю, што шлях будзе доўгім. Шмат разоў у гісторыі мы бачылі, як краіна абвяшчала дэфолт па сваіх даўгах, але праходзіла 2-3 гады, і яна зноў размяшчала свае аблігацыі. І ўсё прадавалася. Так, па вышэйшых стаўках, чым у краін, якія плацяць па даўгах рэгулярна, і ўсё ж.
Так што так, калі ўявіць, што заўтра кіраўніцтва Беларусі становіцца "белым і пухнатым", што паляпшаюцца адносіны з Захадам, то цягам шасці месяцаў усё вернецца ў больш-менш прыстойны стан, — кажа Махоўскі.
Вольга Лойка лічыць, што час, які пойдзе на аднаўленне, будзе залежаць ад таго, колькі яшчэ працягнецца цяперашняя сітуацыя.
— Але зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускага рэальнага сектара будзе адназначна: мы ўжо бачым гэта на прыкладзе расійскага рынку, дзе беларускія вытворцы грузавікоў, халадзільнікаў стабільна страчваюць рынак. Будзе тэхналагічнае адставанне, будзе амартызаванае абсталяванне. Мы будзем даражэй купляць рэчы горшай якасці. Будзе ўцечка мазгоў, дэградацыя медыцыны і адукацыі — адставанне можа быць вельмі сур'ёзным, нават крытычным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.