Лукашэнка — вайскоўцам: "Мы свае сем'і павінны абараніць. І сем'і нашых людзей"

Лукашэнка — вайскоўцам: "Мы свае сем'і павінны абараніць. І сем'і нашых людзей"

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў беларускіх вайскоўцаў, што ваяваць ім давядзецца ўнутры краіны. Сучасныя войны, па яго словах, пачынаюцца з разгойдвання сітуацыі ў краіне. Заява прагучала падчас прызначэння сілавікоў на новыя кіраўнічыя пасады. 

Лукашэнка супакоіў вайскоўцаў, што ніхто не пойдзе на Беларусь групоўкамі войскаў, як у 1941 годзе. 

"Гэта занадта будзе відавочна, і гэта — трэцяя сусветная вайна, калі толькі так адбудзецца. Будуць падрываць знутры. Але мы гэта ўжо праходзілі збольшага. Ледзь-ледзь нас зачапілі са жніўня пасля выбараў, паспрабавалі на зуб. Зуб зламалі. Цяпер на ўсе зубы будуць спрабаваць і будуць спрабаваць знутры",перадае БЕЛТА ягоныя словы.

Ён публічна заявіў, што вайскоўцам давядзецца дзейнічаць унутры краіны: "Публічна вам кажу: нам, людзям вайсковым, давядзецца абараняць сваю краіну вось адсюль, пачынаючы знутры. Не трэба сядзець у войсках і чакаць, што хтосьці перасячэ нашу мяжу і вось тады мы стрэльбу возьмем і пачнём ваяваць. Ваяваць будзем адсюль. Вы да гэтага павінны быць гатовыя".

Нагадаем, што ў жніўні 2020-га вайскоўцы Сілаў спецаперацыяў былі выкарыстаныя супраць пратэстоўцаў у Брэсце. У выніку афіцэр-спецназавец застрэліў мясцовага жыхара Генадзя Шутава. Прычым суд прызнаў застрэленага Шутава вінаватым. 

Між тым, выкарыстоўваць войска беларускія законы дазваляюць толькі ў выпадку знешняй пагрозы або ўвядзення ваеннага становішча.

Таксама Лукашэнка паведаміў, што галоўная задача перад сілавікамі — абарона сваіх сем'яў: "Мы павінны абараніць — не будзем казаць пра суверэнітэт, незалежнасць, дзяржаву — гэта натуральна, мы за гэта грошы атрымліваем (хай невялікія, але атрымліваем). Мы свае сем'і павінны абараніць. І сем'і нашых людзей. Вось і ўсё".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі