Лукашэнка: З выкананнем даручэння па сярэднім заробку 1000 рублёў шмат праблем

Лукашэнка: З выкананнем даручэння па сярэднім заробку 1000 рублёў шмат праблем

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рост беларускай эканомікі ў 2017 годзе недастатковы. Пра гэта ён заявіў 21 лістапада на адпаведнай нарадзе. На ёй з дакладамі пра сітуацыю ў эканоміцы ў бягучым годзе і з прагнозамі на 2018-ы выступаюць кіраўнікі ўраду, Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Лукашэнка адзначыў, што наступны год будзе асаблівым. Паводле яго слоў, сёлета заўважны “некаторы рост эканомікі”: унутраны валютны рынак захоўвае ўстойлівасць, сальда знешняга гандлю станоўчае, аднаўляюцца аб’ёмы экспарту, павялічваюцца золатавалютныя рэзервы.

“Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6%. Сёлета адыгралі толькі 2%, што відавочна недастаткова”.

Лукашэнка звярнуўся да прысутных з пытаннем: чаму пры росце валавога ўнутранага прадукту не адбываецца запланаванае павелічэнне даходаў насельніцтва? Ён прызнае, што з выкананнем яго даручэння “па дасягненні сярэдняй зарплаты ў тысячу рублёў шмат пытанняў і праблем”. Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што на нарадзе пачуе прапановы па гэтай тэме на 2018 год.

Таксама Лукашэнка выказаўся наконт занятасці насельніцтва. “Урад дакладвае пра 50 тысяч новых працоўных месцаў, але ў той жа час, як канстатуюць статысты, колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 43 тысячы чалавек — два сярэдніх раёна Беларусі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што колькасць беларусаў, занятых у эканоміцы, павінна павялічвацца, інакш няма сэнсу гаварыць пра “макрастабільнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі