Лукашэнка — Зюганаву: Савецкі Саюз трэба было шліфануць
Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня правёў сустрэчу з кіраўніком Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі Генадзем Зюганавым, які прыбыў у Мінск. Дарэчы, сустракала расійскага палітыка на чыгуначным вакзале дэлегацыя на чале з Ігарам Бузоўскім, першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Падчас сустрэчы з Зюганавым беларускі кіраўнік выказаў меркаванне, што з распадам СССР знікла сістэма, роўнай якой не было ў свеце.
"Мы страцілі краіну, але самае страшнае, што мы страцілі сістэму, якую стваралі за дзесяцігоддзі і роўнай якой не было ў свеце, якую трэба было шліфануць, дапрацаваць — і мы б былі зусім іншай дзяржавай нават пры развале Савецкага Саюза. І сёння рэшткі гэтай сістэмы, якую трэба было б, мабыць, захаваць, мы пачынаем дабіваць, асабліва ў эканоміцы, асабліва ў сацыяльна-эканамічным развіцці", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.
Акрамя таго, кіраўнік Беларусі ўручыў Зюганаву ордэн Дружбы народаў. Уручаючы ўзнагароду, Лукашэнка паведаміў: "Мы ўзнагародзілі вас не да выбараў, а даўно. Проста ў нас не было выпадку, каб я асабіста вам уручыў гэтую ўзнагароду".