Лукашэнку давяраюць больш, чым Аланду і Януковічу, і менш, чым Пуціну

Паводле звестак НІСЭПД, на сённяшні дзень Аляксандру Лукашэнку давярае 43,4% беларусаў. Палітолаг Павел Усаў лічыць гэтую лічбу даволі высокай.

Павел Усаў: “Такі давер перш за ўсё звязаны з тым, што сітуацыя не пагаршаецца. І што тыя спадзяванні, тыя каментары адносна таго, што ў бліжэйшы час эканамічна-сацыяльная сітуацыя будзе сур’ёзна пагаршацца, пакуль што не рэалізаваліся. Таму моцнага расчаравання ў беларусаў пасля таго шоку, які адбыўся ў 2011 годзе, не назіраецца”.

Больш за тое, фіксуецца нават нязначнае павелічэнне даверу да кіраўніка Беларусі. Гэта можа быць звязана з адтокам працоўнай сілы, які назіраецца ў апошнія гады, сцвярджае Павел Усаў. Бо з’язджаюць сацыяльна і палітычна актыўныя людзі, якія не задаволены сітуацыяй у краіне.

Еўрарадыё зацікавілася, якой падтрымкай сярод сваіх суайчыннікаў карыстаюцца кіраўнікі суседніх з Беларуссю краінаў. Напрыклад, калі зараз правесці выбары ва Украіне, то дзеючы прэзідэнт Віктар Януковіч выйдзе ў другі тур, але ў ім прайграе.

На думку прафесара кафедры паліталогіі Нацыянальнага ўніверсітэта “Кіева-Магілянская акадэмія” Аляксея Гараня, дзеючы прэзідэнт Украіны прайграе любому суперніку:

“У другім туры і Цімашэнцы, і Клічко, і Яцэнюку, і ідзе парытэтна з Цягнібокам. З найбольшым разрывам перамагае Клічко, пасля ідзе Яцэнюк. У Цімашэнкі разрыў невялікі недзе на 4% болей. У цэлым можна гаварыць, што рэйтынг прэзідэнта ўпаў вельмі сур’ёзна”.

На гэты момант цалкам давяраюць Януковічу толькі каля 10% украінцаў. Нявыкананыя сацыяльна-эканамічныя абяцанні прывялі да расчаравання з боку выбаршчыкаў, кажа Аляксей Гарань. Адзінае, што актывізавала электарат Януковіча і дадало некалькі працэнтаў перад апошнімі выбарамі, — прыняцце закона аб рэгіянальных мовах.

Тым часам, паводле словаў намесніка дырэктара “Левада-Цэнтра” Аляксея Гражданкіна, рэйтынг Уладзіміра Пуціна значна вышэйшы — яму давяраюць 63% (прыкладна ў 1,5 разу больш, чым Лукашэнку ў Беларусі ) жыхароў Расіі. Але і яму ёсць пра што задумацца.

Аляксей Гражданкін: “Яго рэйтынг знізіўся на 5 пунктаў: тады 68% ухвалялі дзейнасць Пуціна. І гэта быў даволі нізкі паказчык, у параўнанні з тым, што мы назіралі ў 2009-2010 гадах, калі яго дзейнасць на пасадзе прэм'ера ўхвалялі 78%. Нагадаю, што гэта быў паслякрызісны час, а да крызісу ў сакавіку 2008 года рэйтынг увогуле складаў 85%”.

Эксперт канстатуе расчараванне з боку расіян да прэзідэнта, якое пачалося ў 2011 годзе. Калі раней жыхары Расіі не ўскладвалі на Уладзіміра Пуціна адказнасць за сацыяльныя і эканамічныя праблемы краіны, вінавацячы ва ўсім карупцыю і бюракратыю, то цяпер лічбы паказваюць адваротнае.

У суседняй Польшчы прэзідэнту Браніславу Камароўскаму давяраюць ажно 70%! Але ці можна сітуацыю ў Польшчы параўнаць з беларускай?

Павел Усаў: “У  Польшчы прысутнасць розных палітыкаў у палітычнай сферы спрыяе таму, што ўзровень даверу хістаецца. Усё ж такі Камароўскі не прымае такіх радыкальных рашэнняў, напрыклад, па рэфармаванні гаспадаркі. Даволі непапулярныя рашэнні прымае прэм’ер Туск (Туску давяраюць каля 38% палякаў. заўв. Еўрарадыё). Таму і ўзровень даверу да яго меншы, чым да прэзідэнта, які ў Польшчы з’яўляецца збольшага ўсё ж такі сімвалічнай фігурай”.

Цікава, што рэйтынг прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, які не так і даўно кіруе краінай, за месяц знізіўся на цэлых 6%. Віной усяму ўвядзенне войскаў у Малі.

Зараз Аланду давяраюць толькі 30% французаў — амаль у 1,5 разу менш, чым беларусаў, якія давяраюць Аляксандру Лукашэнку.

Фота: reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі