Лукашэнка прывёў чыноўнікам у прыклад Нямеччыну і Швейцарыю (відэа)
У аўторак у Мінску праходзіць нарада, прысвечаная пытанням удасканалення сістэмы збору другаснай сыравіны і яе перапрацоўкі.
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў створаную ў Беларусі сістэму за яе нізкую эфектыўнасць.
"Нельга забываць, што ўзровень развіцця сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны — гэта, па сутнасці, красамоўны паказчык не толькі нашай агульнай культуры, але і цывілізаванасці эканомікі ў цэлым, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Да таго ж ад эфектыўнасці працы ў сферы абыходжання з адкідамі наўпрост залежыць экалагічная бяспека дзяржавы. У гэтым наша адказнасць перад будучымі пакаленнямі".
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі перапрацоўваецца толькі крыху больш за 12% цвёрдых камунальных адкідаў "супраць 30-50% у перадавых краінах Еўропы". "Як мне дакладваюць, больш за 2 тысячы суб'ектаў гаспадарання проста ігнаруюць гэтую сістэму, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Па-ранейшаму на падворках шматпавярховых дамоў можна пабачыць перапоўненыя кантэйнеры са смеццем, зваленыя ў адну кучу. Праўда, кантэйнеры зрабілі рознакаляровыя".
Лукашэнка адзначыў, што ў нашай краіны "няма лішніх рэсурсаў" ды прывёў у прыклад Нямеччыну і Швейцарыю, дзе сітуацыя са зборам другаснай сыравіны і яе перапрацоўкай непараўнальна лепшая.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "велізарны рэсурс мы проста бяздарна выкідваем". У выніку, засмечваецца прырода, наносіцца шкода здароўю людзей, а "потым трацім мільярды долараў, каб лячыць людзей". Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўрад чамусьці баіцца прапановаў прыватнага бізнэсу па ўдасканаленню працы з адкідамі.
Фота — sb.by