"Ляпіс Трубяцкі" адкрыў радыё для прыхільнікаў (слухаць)
Інтэрнэт-радыёстанцыя мае назву "Lyapis Crew". На ёй круцяць любімыя песні ўдзельнікаў гурта, вершы Міхалка і каверы на "Ляпісаў".
"Ляпіс Трубяцкі" адкрыў уласнае інтэрнет-радыё для прыхільнікаў, сяброў і аднадумцаў гурта. У эфіры Lyapis Crew 24 гадзіны на суткі круцяць галоўныя хіты "Ляпісаў", каверы з трыб'юта "Lyapis Crew: ТРУбьют", які рыхтуецца да выхаду, трэкі з плэй-лістоў удзельнікаў каманды, а таксама вершы Сяргея Міхалака, без якіх не абыходзіцца ні адзін канцэрт калектыву.
Па словах прэс-аташэ гурта Аляксандра Бергера, у "Ляпісаў" "атрымалася нясумнае радыё", якое "дакладна перажыве гурт".
Радыё Lyapis Crew можна слухаць на афіцыйным сайце гурта і на старонцы гурта "ВКонтакте", на сайце Planeta.ru, а таксама з дадатку TuneIn.
Нагадаем, гурт "Ляпіса Трубяцкі" перастане існаваць 1 верасня 2014 года. Дагэтуль каманда дасць чатыры развітальныя канцэрты, у тым ліку, і ў Вільні. 23 жніўня Міхалок і кампанія выступяць на адкрытай пляцоўцы клуба Loftas. Беларусы, якія жадаюць трапіць на канцэрт, могуць атрымаць бясплатныя візы ў літоўскай амбасадзе. Калі вы не маеце віз, для набыцця квітка вам трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў на даты з 30 ліпеня па 14 жніўня (электронны запіс на сайце http://by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі. Новыя месцы на падачу дакументаў з’яўляюцца кожны працоўны дзень.
Квіткі прадаюцца ў офісе агенцтва "Шаблі": горад Мінск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні).
Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65.