Мінгарвыканкам: "Калі Міхалок хоча правесці канцэрт — хай звяртаецца"
Ні пра якія “чорныя спісы” музыкаў, а таксама пра зрывы канцэртаў па смеху вартых прычынах чыноўнікі не ведаюць.
Сёння вядзе прамую лінію галоўны ідэолаг Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Слухаўку здымае не гэты чыноўнік, а яго яго памочнік.
Еўрарадыё: У мяне пытанне, ці ёсць у Беларусі “чорныя спісы” музыкаў?
Мінгарвыканкам: Не, першы раз чую пра гэта. Мяркую, што няма.
Еўрарадыё: Добра, а чаму тады канцэрты гэтых музыкаў зрываюцца па смеху вартых прычынах і беларусы замест таго, каб ехаць у Мінск на канцэрты Міхалка, Вольскага, Вайцюшкевіча, едуць у Вільню? Ці можна арганізаваць канцэрт гэтых музыкаў у Мінску?
Мінгарвыканкам: Да нас у выканкам яны не звярталіся, я думаю, што гэтыя пытанні павінна вырашаць Міністэрства культуры.
Паўтараю пытанне, ці далі б згоду на канцэрт Міхалка ў Мінску чыноўнікі Мінгарвыканкама?
Мінгарвыканкам: Калі б яны да нас звярнуліся, службы нашыя паглядзелі б і нейкіх забарон няма. Ёсць правілы для арганізатараў канцэртаў.
Еўрарадыё: Дык калі б яны звярнуліся, ці ёсць такія прычыны, якія не дазволілі б вам даць згоду на канцэрт?
Мінгарвыканкам: Як вы кажаце “чорныя спісы”, такога няма. Я не гатовы вам падрабязна адказаць, трэба паглядзець заканадаўчую базу. Пачакайце на тэлефоне.
Чыноўнік перадае слухаўку намесніку намесніку начальніка ўпраўлення — начальніку аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай дзейнасці Сяргею Мядзведзеву. Яму я паўтараю пытанне пра “чорныя спісы” музыкаў, пра прычыны, з якіх ім нельга выступаць на тэрыторыі Беларусі, і пра канцэрты па-за межамі Беларусі.
Мядзведзеў: Не не чуў пра такія спісы, што за спісы?
Еўрарадыё: Чорныя спісы музыкаў, якім негалосна забаронена выступаць на тэрыторыі Беларусі.
Мядзведзеў: А што за выканаўцы?
Еўрарадыё: Ляпісы, Вайцюшкевіч, Вольскі хаця б!
Чыноўнік нешта сабе памячае, перапытвае прозвішчы выканаўцаў.
Мядзведзеў: А калі ў іх зрываліся канцэрты?
Еўрарадыё: Вы так здзіўляецеся, што быццам і не ведаеце, што канцэрты музыкаў адмяняюцца ў апошні момант!
Нагадаем, канцэрты музыкаў неаднаразова зрываліся. Да прыкладу, канцэрт выканаўцы Зміцера Вайцюшкевіча ў лютым 2015 адмянілі быццам бы з-за пазыкі клуба, дзе мелася адбыцца мерапрыемства, па электрычнасці — і клуб з-за гэтага павінен быў прыпыніць сваю дзейнасць. Канцэрты музыкам адмянялі і ў іншых гарадах Беларусі, відавочна, што чыноўнікам не хапае фантазіі, каб знайсці прычыны, па якім можна было б адмяніць канцэрт. Да прыкладу, у магілёўскім клубе, дзе мусіў адбыцца канцэрт "Ляпісаў", за некалькі гадзін да мерапрыемства пачаў працякаць дах...
Выступ Змітра Вайцюшкевіча ў клубе “Піраты” ўсё ж не адбудзецца
Міністр культуры: Яшчэ раз паўтараю, што чорных спісаў у Беларусі не існуе
Мядзведзеў: Вы зразумейце, канцэрты на тэрыторыі краіны арганізуюцца . І мы любыя прапановы прымаем, разглядаем. Няхай звяртаюцца да нас.
Еўрарадыё: Добра, дык калі да вас звернецца Міхалок, ці дазволіце вы яму правесці канцэрт?
Мядзведзеў: Мы кіруемся ўказам прэзідэнта № 257, там дакладна прапісана, па якіх прычынах канцэрт не можа адбыцца. Я не ведаю, а якія перашкоды вы маеце на ўвазе? Няхай ён (Сяргей Міхалок — заўвага Еўрарадыё.) звяртаецца, мы разгледзім яго заяву, як і любую іншую.