"Ляпіс Трубяцкі" — гэта птушка-фенікс. Працяг будзе"

"Я не думаю, што гэта будзе пахаванне. Гэта будзе толькі перапынак для такога вялікага чалавека, як Сяргей Міхалок. Я думаю, ён доўга не будзе сядзець без працы. У яго нарадзіўся сын. І ён будзе пакуль са сваім сынам. А пасля будзем чакаць нечага новага і цікавага", — робіць прагнозы абгорнуты бел-чырвона-белым сцягам Аляксей, якога сустракаем у Вільні каля мясцовага клуба “Loftas”. 23 жніўня "Ляпіс Трубяцкі" дае тут чарговы канцэрт развітальнага тура.

На беларуска-літоўскай мяжы традыцыйна расцягваюцца ўжо абрыдлыя чэргі. Людзі, якія на сваіх машынах выязджаюць з Мінска а 6-й раніцы ў суботу, стаяць па 8-10 гадзін — па часе ўдвая больш, чым “Ляпісам” у сваім жыцці засталося адыграць на сцэне. Многія кідаюць аўто і ідуць пешшу. Нарэшце прарваўшыся праз кардон, нагуляўшыся па горадзе, фэны "Ляпісаў" шчыльнымі радамі падцягваюцца на канцэрт.

Невялікі падворак старога завода выклікае супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, “Ляпісы”, як рупар працоўнага класу, гарманічна выглядаюць на фоне іржавых лесвіц, рыштаванняў, будаўнічых крукоў і заводскіх сцен, прасякнутых потам простых літоўскіх рабацяг. З іншага — пляцоўка яўна не разлічаная на такую аўдыторыю. Людзі набіваюцца настолькі шчыльна, што іх спрытнасці пазайздросцілі б на Рыжскім шпротным заводзе. Некаторым удаецца забрацца на старыя лесвіцы і дахі бытовак, ды адбіваючыся ад ахоўнікаў, назіраць за канцэртам адтуль. Астатнія труцца адно аб аднаго, часам уступаючы ў перапалкі з тымі, хто курсуе праз натоўп ад бара да туалета (чамусьці піва прадавалі ў адным месцы, а прыбіральні паставілі зусім у іншым, куды можна было патрапіць, толькі праціснуўшыся праз увесь непралазны натоўп).

“І за гэта я аддала 40 баксаў!” — абураецца побач дзяўчына з Мінска.

Дзякаваць Богу, дождж заканчваецца да канцэрта, бо даху тут няма, а парасоны забралі на ўваходзе, да таго ж, усе ведаюць, што можа здарыцца, калі на натоўп у замкнёнай прасторы рэзка выпадае 20 мм ападкаў, таму лёгкае адчуванне небяспекі прысутнічае.

"Для мяне "Ляпіс" — гэта першае спатканне з гуртом, першыя песні, ад якіх гурт цяпер адмовіўся, але вельмі цікава і сёння іх чуць, — развівае насцярожаныя думкі Аляксей. — Цяпер Міхалок, не хачу гаварыць пафасных словаў, але нацыянальны лідар і прыклад для ўсіх людзей, як можна з такога клоўна, прабачце, гопніка і простага чалавека зрабіцца падкачаным, мужным і сапраўдным беларусам".

Міхалок пачынае ў лепшых традыцыях: "Протянем соседям руку дружбы, но Рим четвёртый нам на**й не нужен". А гурт грыміць нязменнай "К нам приехал Трубецкой". Адчуванне, што "Ляпісы" граюць проста шараговы руцінны канцэрт, не пакідае ўвесь час. Праўда, праграма, складзеная з 30! песень, адмысловая. Міхалок спрабуе ўпіхнуць у яе ўсё найбольш важнае для яго. Спявае песні з апошняй "Матрёшки" і "Весёлых картинок", праходзіцца па "Рабкоры", узгадвае "Минифест" ды "Капитал". Сярод стандартных ляпісаўскіх "агітак" запальваюцца "Зорачкі" і "Огоньки", з'яўляюцца "Воины света" і "маленький шут, самый грустный на свете". І сёння сапраўды "шут-Міхалок" падаецца нейкім нешматслоўным (мінімум пафасных вершаў, максімум "усім цёплага вечара і добрага, сардэчнага, душэўнага настрою"), занадта аскетычным і сумным. Нам хочацца шчырасці на развітанне. А яму проста сумна, мабыць, таму, што заканчваецца гісторыя гурта.

Кульмінацыяй канцэрта становіцца "Не быць скотам". 4,5 тысячы гледачоў на чале з Міхалком у сценах вузкага дворыка закінутага завода пад нацыянальнымі сцягамі як мантру паўтараюць купалаўскае "не быць скотам".

Няёмкая паўза ўсё ж вымушае Міхалка рызыкнуць на кароткі маналог:

"Горад-герой Мінск. Казачная і чароўная Вільня. Гурт "Ляпіс Трубяцкі"... Усе чакаюць гучнай рэчы. Х..лі тут гаварыць? Словы нічога не змяняюць. Забудзьце, што мы гаварылі. Успамінайце, што мы зрабілі. Гурты паміраюць, але яны жывуць, пакуль спяваюць іх песні".

Пасля "Убей раба" гурт сыходзіць. Аднак ніхто з публікі не кранаецца з месца. Дажджу няма. Зоры на небе. Міхалок недагаварыў.

І праўда. Музыкі вяртаюцца. Гучыць "Грай", "Золотая антилопа" і "Belarus Freedom". Сяргей дзякуе за тое, што "вы дазволілі нам вярнуцца і ўсё выправіць". І кажа, што гурт напісаў шмат прароцкіх песень, і самыя цёмныя з іх здзейсніліся. А цяпер ён хоча, "каб песня пад назвай "Свежы вецер" нарэшце прынесла нам радасць свабоднага і шчаслівага жыцця. Няхай здзейсніцца, і ўсё будзе добра".

"Сумна. Сумна. Шкада. Маладосць прайшла пад яго песні. Ён застанецца ў нашых сэрцах — "Ляпіс Crew", — задумліва кажуць Оля і Жэня пасля канцэрта. — Не верыцца. Мне падаецца, што ён ёсць, будзе. Магчыма, у новым фармаце. Мы спадзяемся. Мы верым. "Свежы вецер" яго нам прынясе зноў. Яны спяваюць ад душы. Іх сіла ў энергетыцы. Міхалок зараджае людзей. Ён знайшоў падыход да сэрцаў. Кожная яго песня трапляе ў цэль".

Больш пазітыўна настроены фатограф Юрый Маціюн:

"Адчування таго, што ўсё скончылася, няма. Усё даволі-такі аптымістычна. Якім бы я, прынамсі, песімістам ні быў, але здаецца, што наперадзе будзе толькі лепш. Для мяне "Ляпісы" былі эвалюцыяй, якая пачыналася ад пэўнага эскейпа, пазбягання нейкіх грамадскіх праблем, якія насамрэч існуюць. І гэта эвалюцыя прывяла да моцнай грамадзянскай пазіцыі не толькі сам гурт, але і многіх людзей навокал. А эвалюцыя, як вядома, не заканчваецца. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таму, што наперадзе будзе толькі лепей".

Спявачка Руся ўпершыню на “Ляпісах”. Яе захапляе феномен Міхалка-ідэолага.

"Міхалок — вельмі якасная і культурная з'ява. Ён сам складае пра сябе міфы, ён з'яўляецца выдатным прыкладам таго, як можна асядлаць унутранага Пегаса і лунаць над усім. То бок, заўважна, што чалавек кантралюе сваё жыццё і жыве вельмі асэнсавана. Тут шмат людзей, якія не так глыбока разважаюць пра існаванне чалавека ў нашай палітычнай сітуацыі, а Міхалок укладае ім у галаву вельмі якасныя масівы інфармацыі — не глядзець тэлевізар, паважаць сябе”.

Натуральна, што Сяргей Міхалок не спыніцца. Ходзяць чуткі, што з верасня "Ляпіс" перафарматуецца ў два праекты. Адзін з іх будзе спецыялізавацца на песнях гурта "дакапіталаўскага перыяду". Другі працягне эксперыменты ў духу байцоўскага рэпу. І публіка гэта адчувае — яе не правядзеш.

"Мне падаецца, гэта не пахаванне легенды, а перараджэнне, як фенікс — нешта будзе новае”, — перакананы Міша.

Нараканні на кепскі гук, чэргі ў туалет, лужыны пад нагамі і цеснату падчас канцэрта ўрэшце ніяк не ўплываюць на настрой публікі. Галоўны музычны "анархасіндыкат" постсавецкай прасторы пакідае гэты свет. Гурт чакаюць яшчэ два нешматслоўныя канцэрты. А з 1 верасня музыкі “Ляпісаў” пачнуць новую гісторыю.

Яшчэ па тэме: "Ляпіс Трубяцкі" развітаўся з беларусамі канцэртам у Вільні (фотарэпартаж)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі