"Ляпісы" і "Тубсы" атрымаюць узнагароды "RAMP"?

28-га кастрычніка ў Маскве адбудзецца цырымонія ўручэння расійскіх альтэрнатыўных музычных узнагарод "RAMP", у фінальную частку якой патрапілі два беларускіх гурты – "Ляпіс Трубяцкой" і "The Toobes". "”Ляпісы” “зрабілі” усіх расійскіх канкурэнтаў па колькасці намінацый. Каманда Міхалка заяўленая ў тройках прэтэндэнтаў адразу па чатырох катэгорыях: "Гурт года", "Кліп года" ("Огоньки"), "Альбом года" ("Культпросвет"), "Хіт года" ("Манифест"). Іншыя выканаўцы (Amatory, Noize MC, Lumen, "Король и Шут") прэтэндуюць толькі на дзве ўзнагароды.

"Колькасць намінацый не гарантуе, што мы ўвогуле нешта атрымаем, аднак асабіста мяне радуе, што ў намінанты трапіў альбом "Культпросвет", які абыйшоў  "Манифест", што таксама ўдзельнічаў у гонцы. Думаю, гэта добры народны адказ усім скептыкам і крытыкам", – кажа Сяргей Міхалок.

Каманда The Toobes прадстаўлена ў намінацыі "Underground Act Года". Музыкі, якія нарабілі шмат шуму ў Беларусі сваім дэбютным альбомам "Hello", падавалі заяўку на ўдзел у прэміі на агульных падставах.

"Мы проста запоўнілі анкету на старонцы ўзнагарод і адправілі яе, – кажа бубнач і вакаліст гурта Стась Ламакин. – Патрапленне ў фінал ужо радуе, пра перамогу пакуль не думаем, хоць на саму цырымонію нас ужо запрасілі ў якасці гасцей. Калі што – з радасцю яе забярэм".

Падтрымаць "Ляпісаў" і “Тубсаў” сваім голасам можна на старонцы прэміі – http://ramp.a1tv.ru/voting/.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі