Лявон Вольскі атрымае міжнародную прэмію Freemuse і прысвеціць яе жонцы Ганне
Лявону Вольскаму прысуджаная прэмія Freemuse Award 2016, якую з 2008 года атрымліваюць людзі і арганізацыі за адметную працу на карысць свабоды музычнага выказвання. Музыка атрымае ўзнагароду на цырымоніі ў Стакгольме ў нядзелю 8 траўня.
"Лявон Вольскі працягвае даўнюю традыцыю музыкаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ў сваёй творчасці звяртаюць увагу на істотныя сацыяльныя і палітычныя пытанні. Яны становяцца сімваламі рухаў за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараванне і надзею", — кажа Оле Рэйтоў, выканаўчы дырэктар Freemuse.
Па словах Лявона Вольскага, для яго гонар атрымаць Freemuse Award у гэтым годзе:
"Музыка з'яўляецца цэнтрам майго жыцця, з яе дапамогай я распавядаю, за што я люблю Беларусь, і пра тое, што мяне ў ёй непакоіць. Базісам творчасці з'яўляецца свабода ў найчысцейшай форме. Без свабоды няма музыкі і няма праўды — няма праўды ў музыцы. Я лічу гэты гонар узнагародай для ўсіх людзей, якія падтрымліваць мяне у Беларусі, у Еўропе і іншых краінах свету, і для ўсіх людзей, якія дапамагаюць захоўваць свабоду мастацкага выказвання".
Некалькі тыдняў таму з жыцця пайшла Ганна Вольская, жонка, менеджар і творчая муза Лявона. Музыка прысвячае сваю ўзнагароду ёй: "Без яе я б не меў магчымасці ўвесь час займацца музыкай, асабліва ў складаныя моманты".
У сакавіку Лявон Вольскі праз сайт www.lavonvolski.com распачаў збор сродкаў на запіс другой часткі альбома "Грамадазнаўства". Пасля смерці Ганны Вольскай музыка пацвердзіў, што праект будзе рэалізаваны. На сённяшні дзень сабрана 79% неабходнай сумы.