Лявон Вольскі выпусціў альбом "Псіхасаматыка". Слухаць!

Лявон Вольскі выпусціў альбом "Псіхасаматыка". Слухаць!

Лявон Вольскі прэзентаваў новы альбом "Псіхасаматыка". На дыск трапілі 16 трэкаў, падзеленых паміж сабой на дзве цалкам розныя па гучанні часткі: “Горад” і “Лес”.

“Гэты альбом для мяне нязвыкла асабісты, — каментуе Лявон Вольскі. — Шмат у якіх песнях сканцэнтраваныя вельмі асабістыя думкі, пачуцці, эмоцыі і перажыванні. У ім шмат новага для мяне — у падыходзе да тэксту, мелодыі, гармоніі. І, разам з тым, шмат майго традыцыйнага. Так атрымалася, што “Псіхасаматыка” — гэта водападзел паміж тым, што было і тым, што,спадзяюся, будзе. А яшчэ дзве паловы альбома, дзве плыткі — гэта і дзве паловы беларуса: Каляды і Раство, Новы год і стары Новы год, Вялікдзень і Пасха, паганства і хрысціянства. Два бакі аднаго медаля, дзве душы”.

Уся студыйная праца была зроблена ў Вільні з нарвежскім саўндпрадзюсерам Снорэ Бергерудам, які таксама адказваў за мінулы дыск Вольскага “Грамадазнаўства”. Грошы на альбом збіралі праз краўдфандынгавую кампанію ў інтэрнэце.

Альбом выйдзе на двух CD. Набыць яго можна будзе падчас канцэртнай прэзентацыі, якая адбудзецца 3 снежня ў Вільні, у абноўленым клубе Loftas.

Квіткі каштуюць ад 65 да 110 рублёў. Набыць іх можна на сайце і ў касах Kvitki.by па ўсёй Беларусі.

Наведвальнікі канцэрта змогуць атрымаць бясплатныя аднаразовыя візы. Пакрокавая інструкцыя — тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі