Людзі, падобныя да памежнікаў РБ, спрабавалі збіць відэакамеру на мяжы з Літвой
Невядомы спрабуе збіць відэакамеру на літоўскім баку мяжы / кадр з відэа
На беларуска-літоўскай мяжы невядомыя спрабавалі збіць відэакамеру, паведамляе DELFI са спасылкай на Службу аховы дзяржмяжы Літвы.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 24 студзеня ў Лаздзійскім раёне. Памежнікі праз відэакамеры заўважылі, як з боку Беларусі да мяжы прыйшлі два чалавекі. На літоўскім баку там стаіць ахоўны бар'ер з калючым дротам зверху. Таксама ўчастак абсталяваны відэакамерамі.
Людзі прыкрылі твары. Яны прынеслі з сабой лесвіцу, прыставілі яе да агароджы і прарэзалі некалькі секцый у ёй. Адзін чалавек узняўся на лесвіцу і спрабаваў нажніцамі для металу збіць відэакамеру і датчык інфрачырвонага выпраменьвання.
Як заяўляюць літоўскія памежнікі, такія нажніцы нярэдка носяць з сабой іх беларускія калегі падчас патрулявання. Таксама гэтыя нажніцы беларускія памежнікі выкарыстоўваюць для разразання загароджы, каб зрабіцб праход для нелегальных мігрантаў.
Вандалу ўдалося крыху ссунуць датчык інфрачырвонага выпраменьвання, але да відэакамеры ён нажніцамі не дацягнуўся.
Парушальнікі ўцяклі, калі на месца здарэння выехаў патруль літоўскіх памежнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.