Лыжы ў багажы — даражэйшыя за білет: пасажыр спрачаецца з "Белавія"

Самалёт "Белавія" / belavia.by
Самалёт "Белавія" / belavia.by

У пачатку красавіка Павел Аляксееў вырашыў злятаць з сябрамі ў Тбілісі — пакатацца на лыжах у грузінскіх гарах. Мінчук набыў на ўсю кампанію білеты ў авіякампаніі "Белавія".

На сайце кампаніі сказана, што лыжны рыштунак вагой да 23 кг перавозіцца бясплатна — у дадатак да ўсталяванай нормы бясплатнай перавозкі багажу. Але калі Павел патэлефанаваў у авіякампанію, каб узгадніць перавозку, яму сказалі, што за лыжы давядзецца даплаціць — па 100 еўра з кожнага пасажыра.

Лыжи в багаже — дороже билета: пассажир спорит с “Белавиа” о правилах перевозки

— Два месяцы таму гэтаксама лётаў у Сербію. Патэлефанаваў — сказаў, што ў мяне будуць лыжы ў багажы. Адказалі — добра. А гэтым разам кажуць: "Добра, але за сто еўра". А я кажу, а дзе гэта напісана? А мне адказваюць: нідзе. Проста шыкоўны адказ, — скардзіцца Еўрарадыё Павел.

На сайце авіякампаніі ў нас і праўда не атрымалася знайсці ніякіх пунктаў, якія растлумачылі б паходжанне гэтых самых 100 еўра. Еўрарадыё звярнулася ў "Белавія" па каментар. У прэс-службе нам паведамілі, што "правілы перавозкі багажу не мяняліся — усё напісана на сайце".

З гісторыяй нашага чытача ў кампаніі паабяцалі разабрацца. Са згоды Паўла Аляксеева мы пераслалі ў прэс-службу "Белавія" звесткі пра ягоную праблему, але адказу пакуль так і не атрымалі.

Сам Аляксееў за гэты час ужо паспеў правесці з авіякампаніяй некалькі раўндаў тэлефонных перамоў. "Белавія" настойвае, што яго тарыф (а гэта білеты без багажу, якія беларускі перавозчык увёў у лістападзе 2019 года) не прадугледжвае бясплатнай перавозкі лыжнага рыштунку.

Паўлу прапануюць змяніць тарыф, па якім куплены білет, каб усё ж такі атрымаць бясплатны правоз лыжнага рыштунку. Але таксама не бясплатна: па-першае, трэба заплаціць за само змяненне тарыфу. Па-другое, за розніцу ў кошце білетаў.

— Мне сказалі: "Ведаеце, за змяненне тарыфу трэба яшчэ 50 еўра заплаціць. Гэта значыць, 200 рублёў [за білет. — Еўрарадыё] і яшчэ 50 еўра, каб памяняць тарыф. Я ім кажу: "Вы што, хворыя? Праз ваш касяк я ўляцеў і купіў наогул не тое. І цяпер, каб свой касяк выправіць, патрабуеце з мяне яшчэ 50 еўра, — абураецца Павел.

— Я б на іх месцы сказаў бы мне вялікі дзякуй за тое, што знайшоў такі пралаз на сайце. Абавязкова хутка б паправіў там інфармацыю. І даў бы мне ўжо правезці гэты багаж. І памяняў бы мне гэты тарыф. Таму што цяпер мне гэты багаж выходзіць даражэйшы за білет, — працягвае пасажыр.

Канфлікт працягваецца ўжо амаль тыдзень, але на сайце "Белавія" ў раздзеле "Ваш багаж / Спартыўны рыштунак" дагэтуль няма ні слова пра розныя правілы для розных тарыфаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі