Маці Ціханоўскага пра знойдзеныя 900 тысяч: у страшным сне не бачыла такія грошы

Маці Ціханоўскага пра знойдзеныя 900 тысяч: у страшным сне не бачыла такія грошы

71-гадовая маці блогера Сяргея Ціханоўскага адмаўляецца ад 900 тысяч долараў, знойдзеных на сямейным лецішчы. 

Як паведамлялася раней, 3 чэрвеня на лецішчы Ціханоўскіх прайшлі тры ператрусы. Паведамлялася, што толькі трэцяя група знайшла 900 тысяч долараў, схаваных у пакеце за канапай, дзе раней праводзілі ператрус першыя дзве. 

Жонка Ціханоўскага Святлана, якая вылучаецца кандыдаткай у прэзідэнты, заявіла, што першы раз бачыць гэтыя грошы. 

Прэс-служба МУС апублікавала фота знаходкі і відэа з пачкамі купюраў. На відэа было чуваць, як Соф'я Ціханоўская кажа, што гэта яе грошы. На пытанне, дзе яна іх узяла, жанчына адказвае: "Зарабіла". 

У каментары "Народнай волі" 5 чэрвеня жанчына патлумачыла, што падчас ператрусу была ў шокавым стане. 

"Я ўжо не ведаю, што казаць пра вобыск, я ў шокавым стане. Машын столькі наехала. Міліцыя, следчыя. Там такі натоўп быў, што скажаш што хочаш. Можа паўтара дзесятка чалавек было, і невядома, хто і што там рабіў", — кажа Соф'я Ціханоўская.

Жанчына тлумачыць, што ёй не давалі спаць і яна была ў прыгаломшаным стане, не ўсё разумела. "Я і зараз не ўспрымаю тую суму, якую яны называлі і паказвалі. Усе акуратненька, у банкаўскай упакоўцы. Я нават у страшным сне не бачыла такіх грошай. Трэба ж неяк праверыць па купюрах, з якога банка яны гэта ўсунулі. Вопіс мне далі, але не ўвесь. Не ведаю нават, як гэта праверыць. У мяне рукі і ногі трасуцца. Як можна людзям усунуць столькі грошай у дом? І што гэта наагул такое? Брыдотнікі!" — абураецца Ціханоўская

Дарэчы, пасля ператрусу на лецішчы жанчыну завезлі ў Следчы камітэт, а 4 чэрвеня правялі ператрус у яе двухпакаёвай кватэры ў Гомелі. У відэастудыі Сяргея Ціханоўскага 3 і 4 чэрвеня таксама прайшлі два ператрусы. 

Сам Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яго затрымалі 29 траўня пасля парвакацыі на выбарчым пікеце ў Гродне. Перад гэтым у мітусні, паводле заяваў МУС, атрымалі траўмы два супрацоўнікі міліцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі