Маці і дзяўчына палітвязня Фурманава пачалі галадоўку ля СІЗА №1 у Мінску
Родныя палітвязня Змітра Фурманава — маці Вольга і дзяўчына Вольга Каракіна — аб'явілі бестэрміновую галадоўку, паведамляе "Радыё Свабода". Яны прыехалі ў Мінск з Горадні і плануюць знаходзіцца ля СІЗА №1 на Валадарскага да моманту, пакуль Змітра не выпусцяць і не спыняць пераслед ўсіх зняволеных, якія патрапілі за краты па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу ("справа Ціханоўскага" — рэд.).
"Мы плануем бестэрміновую галадоўку, а там як атрымаецца, — сказала Свабодзе Вольга Фурманава. — Будзем тут знаходзіцца, каля СІЗА. Што будзе далей, ці нам дазволяць тут быць, мы не ведаем. Як атрымаецца. Будзем старацца знаходзіцца тут".
Пра галадоўку родных Фурманава ведаюць у Гродзенскім аблвыканкаме, Адміністрацыі прэзідэнта, Савеце Рэспублікі, СІЗА № 1, МУС, Следчым камітэце, Генпракуратуры, Вярхоўным Судзе, ведаюць прадстаўнікі Еўрасаюзу ў Беларусі, прадстаўнік ААН па правах чалавека ў Беларусі — ім адпраўлена адпаведнае апавяшчэнне.
Па словах Волькі Каракінай, прыкладам галадоўкі для іх сталі дзеянні руху "Маці 328": жанчыны мяркуюць, што такім чынам яны могуць паўплываць на рашэнні ўладаў.
"Гэта радыкальны крок, так, — прызнае Вольга Каракіна. — Але... чалавек сядзіць ні за што. Ужо два месяцы".
Сам Зміцер не ведае пра крок сваіх любімых жанчын.
"Верагодна, ён будзе хвалявацца, перажываць. Не ведаю, як ён ацэніць гэта. Але я спадзяюся, што станоўча", — кажа яго дзяўчына.
Змітра Фурманава затрымалі на пікеце Ціханоўскай у Горадні 29 траўня: яго бацька кажа, што мужчыну схапілі людзі ў цывільным і вынеслі з-за стала разам з крэслам. Зміцер збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.