Маці ўбачыла па "Беларусь 1" сына, якога не можа знайсці з панядзелка
Хлопца, якога не могуць знайсці з панядзелка, паказалі па ТБ / Еўрарадыё
У навінах па "Беларусь 1" паказалі відэа: двое хлопцаў расказваюць, як трапілі на вулічны пратэст, і раскайваюцца ў гэтым. Хлопцы выглядаюць напалохана, гавораць няўпэўнена. Адзін з іх называе свой удзел "велізарнай памылкай".
"У абед я ўбачыў запіс у тэлеграм-канале Сцяпана Пуцілы пра скліканне людзей, якія хочуць перамен, на праспекце Машэрава. Бліжэй да 19:00 я вырашыў паехаць туды. Я паклаў у багажнік аўтамабіля біту і паехаў у бок праспекта Машэрава. Я зразумеў, што зрабіў вялікую памылку. Я каюся", — кажа ён.
Еўрарадыё звязалася з маці затрыманага. Хлопец працуе ў мінскай службе дастаўкі, маці жыве ў аграгарадку Брэсцкай вобласці. Паводле яе слоў, апошні раз з сынам звязваліся каля 20:30 у панядзелак. Ён расказваў, што стаіць на запраўцы і з ім стрыечная сястра, да якой цяпер таксама немагчыма датэлефанавацца. А потым сувязь прапала. Пра тое, што сына затрымалі, мама даведалася з навін па тэлевізары. Шукала па ўсіх РУУС Мінска, але без толку.
"Ніхто нічога не кажа... Адзінае, што я ўбачыла, — жывы-здаровы, — плача жанчына. — Так... збіты. І вусны разбітыя, і твар падбіты. Дакладна. Да гэтага часу не магу паверыць, што сын мог у нейкую заварушку ўляпацца. Ён у мяне з дзяцінства цішэй вады ніжэй травы. Актывіст... у тым плане, што заўсёды за парадак. І ў БРСМ, і ў будатрадзе ў інтэрнаце. Са школы сыходзіў выдатнікам. Сярэдні бал атэстата — 9,1".
Суразмоўніца кажа, што яны з сынам пра палітыку не гавораць.
"Нічога такога не было, — кажа маці затрыманага. — Нядаўна прыязджаў, пытаўся, за каго буду галасаваць. Я адказала, што гэта мая справа, маўляў, давай нашы меркаванні застануцца пры нас. Ён сказаў, што правільна. За каго збіраецца галасаваць, не казаў. Вырашылі, што гэта асабістае меркаванне кожнага".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.