Магілёвец хоча адсудзіць у аўтобуснага парка 10 тысяч рублёў

Спачатку хлопец напісаў скаргу ў гарвыканкам, аднак чыноўнікі заступіліся за аўтапарк. Паводле іх версіі першы аўтобус, які не прыехаў згодна з раскладам, быў на прыпынку чатыры хвіліны раней, а другі сышоў з лініі з-за паломкі.

Незадаволены такім адказам Аляксандр Хамратаў падаў скаргу ў суд, бо, паводле яго назіранняў, магілёўскія аўтобусы часта ездзяць як прыйдзецца:

“Я карыстаўся паслугамі аўтапарка перыядычна. Пасля назіранняў за іх працай я заўважыў, што аўтобусы даволі часта прыходзяць не ў адпаведнасці з існуючым раскладам. Я адзін раз заплюшчыў на гэта вочы, другі, аднак потым мне гэта надакучыла і я напісаў скаргу ў гарвыканкам, а потым звярнуўся ў суд. 22 ліпеня ўжо было папярэдняе судовае пасяджэнне ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва, дзе стала вядома, што асноўны дзень для судовага разбіральніцтва будзе 8 жніўня”.

Ісці ў суд Аляксандр вырашыў не адразу. Спачатку ён звярнуўся у Аддзяленне транспарту і сувязі ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага гарвыканкама. Аднак там вяртаць 10 тысяч рублёў, патрачаныя на маршруткі, адмовіліся і параілі шукаць праўды ў судзе.

“Я хачу даказаць аўтапарку той факт, што іх аўтобусы не мелі права працаваць са спазненнямі альбо прыходзіць і ад’язджаць ад прыпынкаў раней за запланаваны час. Яны мае аргументы адмаўляюць, аднак я хачу ім даказаць, што маю рацыю. Для мяне гэта справа прынцыпу”, — кажа Аляксандр Хамратаў.

На думку праваабаронцы Барыса Бухеля, з аўтапаркам сапраўды ёсць сэнс судзіцца, і справа зусім не ў 10 тысячах. Калі магілёвец выйграе суд — аўтапарк будзе вымушаны прытрымлівацца раскладаў:

“Рацыя судзіцца з аўтапаркам ёсць толькі дзеля таго, каб стварыць прэцэдэнт і паказаць людзям, што можна бараніць свае правы і адначасова прымусіць аўтобусны парк больш якасна выконваць сваю працу. Кіраўніцтва аўтапарка і па выглядзе, і па паводзінах разумее сітуацыю, што калі такі прэцэдэнт будзе створаны ў Беларусі, то людзі пачнуць часцей падаваць на іх у суд. Тут варта таксама разумець, што, калі суд будзе выйграны, то можна з аўтапарка спаганяць і маральную шкоду ў адпаведнасці з законам аб абароне правоў спажыўцоў, таму ў аўтобусным парку і баяцца гэтага”, — кажа праваабаронца.

Варта адзначыць, што дзяржаўная пошліна пры падачы пазову ў суд склала ўсяго 500 беларускіх рублёў і з’яўляецца рэкордна нізкай.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі